Неапаль. Санта-Лючыя – квартал, канцона і кава
У шасцідзесятых гадах Раберціна Ларэці быў папулярны ў СССР не менш за Элвіса Прэслі. Прывабны хлопчык са шматдзетнай пралетарскай сям’і, з чароўным срэбным дыскантам, быў прадметам мрояў дзясяткаў тысяч дзяўчатак. Плыткі са спевамі Ларэці выходзілі шматміліёнымі накладамі і, здавалася, не было ніводнай сям’і, дзе б тыя плыткі не круцілі.
Адной з самых папулярных песень у выкананні Раберцына Ларэці была неапалітанская канцона “Санта-Лючыя”. Мала хто са слухачоў мог зразумець змест песні, а ўжо пра тое, што “Санта-Лючыя” – адзін з самых цікавых неапалітанскіх кварталаў, ведалі адзінкі.
Сам Неапаль – бруднавата-квяцісты, тлумны, але вельмі добразычлівы да гасцей. Так выглядае прадавачка на рыбным рынку ў Пацуолі. Квартал Санта-Лючыя, які знаходзіцца акурат на набярэжнай, глядзіцца гэткай паважнаё сін’орай з прыстойнай сям’і: чысценькія фасады, вымытыя аўтамабілі, добра апратуная публіка. Хаця з-за фасадаў раз-пораз вызірае тыпова неапалітанская неахайнасць: абшарпаныя сцены, засмечаныя балконы і смецце на бруку, якое так муліць беларускае вока.
Жыхары Санта-Лючыі – неверагодныя патрыёты свайго квартала: практычна ўсе сем’і жывуць тут ад XVIII стагоддзя, прытым мала хто з іх пагаджаецца здаваць кватэры прыезджым. Дый гатэляў тут не так багата – у параўнанні з іншымі раёнамі. Юліюшу Славацкаму, які наведаў Неапаль ў 1836 годзе, неверагодна пашэнціла – пра яго жыццё ў Санта-Лючыі сведчыць мемарыяльная шыльда на фасадзе дома, дзе ён жыў.
У квартале Санта-Лючыя амаль усё – “санта-лючынскае”: так называюць і піцу, і пасту, і аўтамыйкі і, натуральна, кавярні. Калі ўвечары вы сядзіце ў вулічнай кавярні “Санта-Лючыя” і замовіце сабе каву “Санта-Лючыя”, то можаце быць упэўненымі – у тае кавярні абавязкова прагучыць знакамітая канцона ў выкананні Раберціны Ларэці – тая самая…
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
