Прадпрымальнікі правядуць чарговы сход у верасні
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Перспектыва” плануе правесці ў верасні чарговы форум прадпрымальнікаў. На будучую сустрэчу з рэгіёнаў будуць прывозіцца подпісы, пастаўленыя пад рэзалюцыяй папярэдняга форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску 30 чэрвеня з удзелам больш за 200 прадстаўнікоў малога бізнесу.
Старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка падкрэслівае, што стратэгія арганізацыі засталася нязменнай – абарона інтарэсаў прадпрымальнікаў. У сваю чаргу старшыня арганізацыі прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч адзначае актыўнасць прадпрымальнікаў па абароне сваіх правоў на перыферыі.
– Я лічу, што рэгіёны звярнулі на сябе ўвагу, што гэтыя пытанні слушныя. Мы не ўздымаем белы сцяг, не апускаем рукі. Мы выходзім на працу, каб мець грошы. А гэтыя пытанні застаюцца, яны ў нас пад кантролем.
Нагадаем, у пачатку ліпеня ў розных рэгіёнах краіны ІП прыпынілі працу, пратэстуючы супраць указа № 222, які істотна ўскладняе ўмовы іх дзейнасці. Забастоўкі прайшлі ў Баранавічах, Слоніме, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Пінску, Светлагорску, Гародні, Рэчыцы і некаторых іншых гарадах. Прадпрымальнікі Менска ў гэты час працягвалі працаваць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя