Фермер Аляксандр Бяльчук асуджаны на тры месяцы арышту (абноўлена)
Уладальнік вялікай гаспадаркі Аляксандр Бяльчук з вёскі Арлянка Маларыцкага раёну асуджаны на тры месяцы арышту за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі і нанясенне яму цялесных пашкоджанняў.
[Not a valid template]
Дзяржаўны абвінаваўца Кацярына Рамашка патрабавала 6 месяцаў арышту. Суды ішлі на працягу двух месяцаў. Чаму вынесены такі мяккі прысуд, Аляксандр Бяльчук можа толькі гадаць, хоць нават з такім прысудам ён не згодны:
– Можа быць на суддзю паўплываў грамадскі рэзананс. Журналісты кожны дзень прысутнічалі. Шчыра: суддзя злякаўся. Але ўсё адно яго сумленне будзе мучыць, бо я не вінаваты, я не рабіў гэтага.
Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін таксама не бачыць віны Бяльчука і здзіўлены, чаму так хутка знішчаны рэчавыя доказы:
– Бачыў здымкі Бельчука з разбітым носам, бачыў, як міліцыянт тузаў яго каля плоту, а не Бяльчук яго тузаў. Неліповіч тыя пашкоджані, што атрымаў Бяльчук, прыпісаў сабе. Таму і былі знішчаныя рэчавыя доказы.
Дзень перамогі 2014 году ўладальнік вялікай гаспадаркі Аляксандр Бяльчук запомніць на ўсё жыццё. У гэты дзень ён адбіў у інспектара Берасцейскай абласной ДАІ Сяргея Неліповіча свой самаробны трактар, які хацелі канфіскаваць.
Пазней гаспадара прыцягнулі да суда.
Рашэнне Берасцейскага раённага суда Аляксандр Бяльчук плануе абскардзіць.
* * *
Суддзя Берасцейскага раённага суда Уладзімір Шаламіцкі і дзяржаўны абвінаваўца Кацярына Рамашка выкарыстоўваюць для абвінавачвання ўладальніка вялікай дапаможнай гаспадаркі з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна Аляксандра Бяльчука аўдыёзапіс, дзе бацька Аляксандра, Іван Бяльчук, нібыта „прызнаецца”, што сын біў міліцыянта.
На здымку: праваабаронца Уладзімір Вялічкін, Аляксандр Бяльчук і Іван Бяльчук.
Запіс быў зроблены таемна падчас размовы сталага чалавека з намеснікам начальніка Берасцейскага РАУС Эдуардам Алешкам.
Кажа Іван Бяльчук:
– Я сказаў з гумарам, я адразу сказаў, як тэлефанаваў дзяжурнаму, каб даведацца, як трапіць на прыём, я кажу: “Гэта бацька тых “бандытаў”, што “білі” міліцыянера. Дзе бы якія канфлікты не здараліся, я імкнуўся вырашыць іх мірным шляхам.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што ідзе здзек з аднаго з тых гаспадароў, на якіх трымаецца краіна.
Гэта вынікае з характарыстыкі Аляксандра Бяльчука:
– Цудоўная характарыстыка цудоўнага чалавека, які працуе на зямлі, у якога шмат зямлі, шмат кароваў. Ён дае сабе рады, корміць жыхароў гэтай краіны. На такіх людзях, як Бяльчук, увогуле краіна трымаецца. А тыя людзі, якія з яго здзекуюцца, жывуць за кошт Бельчука.
Аляксандру Бяльчуку пагражае да 6 гадоў турэмнага зняволення за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі „з выкарыстаннем гвалту”.
Калі супрацоўнік ДАІ Сяргей Неліповіч спрабаваў канфіскаваць самаробны трактар Бяльчука. На здымках, зробленых староннім чалавекам, відаць, што бойкі не было, а вось самаробны трактар сапраўды канфіскаваць не даў.
***
У судзе над жыхаром з вёскі Арлянка Маларыцкага раёну Аляксандрам Бяльчуком трэці дзень працэсу быў прысвечаны праслухоўванню запісу. На ім бацька жыхара нібыта прызнаецца намесніку начальніка Берасцейскага РАУС Эдуарду Алешку, што сын біў інспектара ДАІ Сяргея Неліповіча.
Прысутным прыйшлося амаль увесь працэс слухаць неякасны запіс, дзе з неразборлівай гутаркі чуліся толькі асобныя словы.
Кажа Аляксандр Бяльчук:
– Наносіў я ўдары ці не, ніхто ж не можа быць сведкам, бацькі там не было, начальнік не быў, намесніка начальніка не было, ніхто ж не бачыў.
Праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна здзіўляе, што такі запіс, прадстаўнік пракуратуры Кацярына Рамашка і суддзя Уладзімір Шаламіцкі далучылі да справы:
– Калі міліцыянт прынёс нейкі запіс, у якім я пачуў словы, якія не адпавядаюць таму, што міліцыянт казаў да прэзентацыі гэтага запісу. І суддзя чамусьці пачынае казаць, што тое, што ён пачуў адпавядае таму, што сказаў міліцыянт, дык я ўжо, як сведка сцвярджаю, што я чуў прынцыпова іншае.
Запіс адпраўлены на экспертызу. Нагадаем, што ў Берасцейскім раённым судзе судзяць Аляксандра Бяльчука, які не дазволіў з двара канфіскаваць інспектару ДАІ самаробны трактар.
Цалкам матэрыял у гукавым файле.
* * *
У Берасцейскім раённым судзе пачаўся працэс над жыхаром вёскі Арлянка Маларыцкага раёна Аляксандрам Бельчуком, які з братам Мікалаем не дазволілі інспектару абласной ДАІ Сяргею Неліповічу забраць у іх з двара самаробны трактар. Міліцыянт звінавачвае братоў Бельчукоў у тым, што яго збілі. Такога не здарылася, як кажа сведка канфлікту Сяргей Іванец:
– Да плота прыціснуў Сашу, пачаў яго трэсці. Адной рукой трымаў Сашу, а другой – тэлефанаваў. І тут прыехаў участковы Сідарук у міліцэйскай форме, падбег да іх, адразу ж выцягнуў пісталет і сказаў, прыкладаючы яго да галавы Сашы: “Застрэлю”. А Саша стаяў спакойна, нават не рухаўся.
Капітан ДАІ Сяргей Неліповіч сваёй віны у канфлікце не бачыць:
– Вы дрэнна, відаць, разглядалі гэтыя здымкі. Калі ўважліва паглядзець, то там усё выдатна бачна: разбіты нос, кроў. Гэта прымяненне фізічнай сілы ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Гэта забаронена ў нас. Я не прыязджаў туды біцца ці сварыцца. Я прыехаў для правядзення адміністрацыйнага працэсу.
У судовым працэсе начальнік ДАІ Берасцейскага раёна Касперчук Аляксандр пад уражаннем канфлікту 9 траўня сёлета назваў вяскоўцаў, што прыйшлі бараніць Бельчукоў, фашыстамі і неанацыстамі.
[Not a valid template]
* * *
Гаспадарам самаробнага трактара братам Аляксандру і Мікалаю Бельчукам з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна пагражае да 6 гадоў турэмнага зняволення нібыта за збіццё старэйшага інспектара дарожна-патрульнай службы Берасцейскага аблвыканкама капітана Сяргея Неліповіча.
9 траўня бягучага года яны не падпарадкаваліся Неліповічу. Ён прыехаў у вёску Страдзеч, у двор да іх сына і пляменніка, каб канфіскаваць самаробны трактар, на які не паспелі зрабіць дакументы, але прывезі з Арлянкі ў суседнюю вёску Страдзеч на лафеце.
Непадпарадкаванне вывела з сябе капітана Неліповіча, і справа закруцілася, кажа фермер Аляксандр Бяльчук, бацька 8-рых дзяцей:
– Мы трактар ставім у гараж, выходжу я з гаража, яны адразу на мяне кажуць: “Ну, ты мужык папаў!” Я яму кажу: “Паслухай, як ты размаўляеш са старэйшымі?” Як я сказаў яму на “ты” , ён адразу за грудкі мяне: “Я восем гадоў у абласным ДАІ адпрацаваў, мяне так ніхто не называў”. І пачаў мяне за грудкі цягаць.
Праваабаронца Уладзімір Малей лічыць, што крымінальную справу трэба заводзіць супраць работніка міліцыі за ўседазволенасць.
– Вінаватых супрацоўнікаў міліцыі апраўдваюць, а з людзей, якія абараняюць сваю маёмасць, робяць вінаватых. Да таго ж даюць ілжывыя паказанні, што ўласнікі аказалі супраціў, нанеслі цялесныя пашкоджанні. Хаця ёсць дастаткова доказаў, што цялесныя пашкоджанні не наносілі супрацоўніку міліцыі.
Па словах Малея, можна толькі ўявіць сабе далейшыя паводзіны маладога супрацоўніка ДАІ Неліповіча, калі суд прыме яго ілжасведчанні і падтасоўкі фактаў.
Суд пачынаецца 20 лістапада.
Слухайце матэр’ял у поўным гукавым файле:
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя