У Парэччы ўшанавалі памяць Рамана Скірмунта
На Піншчыне прадстаўнікі грамадскасці наведалі пахаванне прэм’ера Беларускай Народнай Рэспублікі, палітыка і прамыслоўца Рамана Скірмунта. Ініцыятарам ушанавання памяці быў пінскі сябра Партыі БНФ і Руху „За Свабоду” Алесь Рамановіч.
Каля 20-ці ўдзельнікаў акцыі ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магіле прэм’ера БНР, якая знаходзіцца на ўскрайку парка ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна.
„Гэты парк заклаў Скірмунт і быццам бы сам вызначыў сабе месца пахавання”, – кажа гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін:
– Пляменнік Рамана Скірмунта – Аляксандр, па нейкіх прычынах загінуў у 1934 годзе ў Варшаве. Паводле адных звестак – гэта было самазабойства, доволі цёмная гісторыя. Раман Скірмунт пахаваў яго ў сваім парку ў Парэччы, дарэчы, побач з пахаваннем васьмі польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 1919 годзе. Там быў усталяваны абеліск. Так атрымалася, што сам Раман Скірмунт і яго сястра Алена загінулі на гэтым месцы.
Таксама ўдзельнікі акцыі па ўшанаванню памяці прэм’ера БНР Рамана Скірмунта правялі шпацыр па ўнікальным Парэцкім парку. Скірмунт звозіў у гэты палескі куток расліны з Еўропы, Амерыкі і Азіі. Цяпер тут растуць рэдкія для Беларусі дрэвы.
Беларускае Радыё Рацыя