Працяг судоў над удзельнікамі фэсту ў Свіслачы



Не выключана, што гарадзенец, прафесар Алесь Астроўскі стане чарговай асобай, якая будзе аштрафаваная за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-га году ў Свіслачы 26-га кастрычніка гэтага году. Міліцыянт завітаў на кватэру прафесара, куды і прынес пратакол пра яго адміністрацыйнае парушэнне. Паводле пратаколу, прафесар Астроўскі ўдзельнічаў у масавым несанкцыянаваным шэсці і мітынгу.

– Я ўдзельнічаў і ў шэсці, і гэта ўсё рабіў разам з усімі прыстойнымі людзьмі, але што няслушна было ў пратаколе… усе паехалі ў Якушоўку, а я не змог паехаць, але міліцэйскі сведак сцвярджае, што я паехаў, удзельнічаў там, фатаграфаваўся на фоне нацыянальнага сцяга. І я вымушаны быў у пратаколе выказаць сваю нязгоду па двух пунктах: што, на жаль, так і напісаў “на жаль”, я не ездзіў у Якушоўку, і, на жаль, я не фатаграфаваўся на фоне нацыянальнага сцяга, таму што не меў такой магчымасці.

Ужо аштрафавана судом чатыры гарадзенцы за ўдзел у пахаванні Віктара Дзясяціка і ўшанаванні герояў паўстання 1863-га году. Чакаюць суда яшчэ чацвёра: Аляксандра Васілевіч, Віктар Бабкін, Вадзім Саранчукоў ды прафесар Алесь Астроўскі.

* * *

У Гародні працягваюцца рэпрэсіі ў адносінах да ўдзельнікаў Дня памяці паўстанцаў Каліноўскага, што адбыліся на Свіслаччыне 26 кастрычніка 2014 году. Старшыня гарадзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў атрымаў са Свіслачы афіцыйнае пісьмовае паведамленне пра тое, што складзены на яго пратакол за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мерапрыемстве, адпраўлены на дапрацоўку:

– Справа выглядае на суцэльны бардак. Відавочна, пададзена каманда ўсіх пакараць. Але якім чынам гэта зрабіць? Кожны прадстаўнік міліцыі і суда спрабуе здагадацца па-свойму. Пяць чалавек ужо пакаралі штрафамі. Кагосьці выклікаюць на суд у Свіслач. У кагосьці, як у мяне, адпраўляюць справу на дапрацоўку. Таму ніякіх спадзяванняў пра тое, што наш суд «самы гуманны і справядлівы» на самой справе няма. Зразумела, што будзе нейкае пакаранне. А на сённяшні дзень гэта проста лішні галаўны боль і для міліцыі, і для мяне.

За удзел у гэтым мерапрыемстве ўжо пакарана больш пяці чалавек штрафамі розных памераў: ад 15 да 35 базавых велічыняў. Сярод пакараных: журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч, карэспандэнт Радыё Свабода Міхась Карневіч, актывісты АГП Ежы Грыгенча і Віталь Лопасаў.

* * *

У Лідскім раённым судзе разглядаецца адміністрацыйная справа ў дачыненні да актывіста з Бярозаўкі – Сяргея Трафімчыка, аднаго з удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы.

Адказчык даслаў у суд ліст з прапановай разгледзець справу без ягонага ўдзелу.

sudddd0001

 

У звароце актывіст выказаў сваё стаўленне да сутнасці справы і судовага працэсу ўвогуле, чым, на яго думку, абгрунтаваў сваё нежаданне асабіста ўдзельнічаць у ім:

Я не лічу сябе вінаватым, наогул не бачу падставаў для пераследу за тое, што быў на пахаванні ў сябра альбо ўшанаваў памяць гістарычнай асобы. Гэта проста парушэнне маіх канстутыцыйных правоў. Апраўдвацца, абараняцца ад гэтых хлуслівых нападаў я не збіраюся. Не аднойчы прайшоўшы праз такія прэцэдуры, ведаючы іх вынік, не бачу сэнсу ўдзелу, шкада проста траціць на гэта час.

Сяргей Трафімчык спадзяецца, што справу, датычную Дня памяці паўстанцаў, якая адбылася ў Свіслачы 26-га кастрычніка, па-магчымасці разгледзяць без яго ўдзелу, а пастанову суда дашлюць заказным лістом дадому.

* * *

Да гарадзенскай сябры Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Аляксандры Васілевіч прыехаў міліцыянт са Свіслачы. Ён азнаёміў дзяўчыну з матэрыяламі справы, дзе яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Як кажа Аляксандра, хавацца ад міліцыі яна не збіраецца, але ўвогуле пра яе справу, на фоне іншых удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў 1863 году, нібыта забылі:

– На мяне першую з Гародні склалі пратакол. Мяне знайшоў мой участковы. Відаць самы абавязковы ён быў – азнаёміў мяне з матэрыяламі справы. Я напісала тлумачальную, падпісала пратакол. Пасля гэтага пра мяне забылі. Ужо весь Ленінскі раён асудзілі. А сёння ў Свіслачы суд абудзецца.

На Гарадзеншчыне працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі Дня памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы.

8 снежня ў Свіслачы пройдзе суд над сябрам АГП  Уладзімірам Пруднікавым.

Атрымаў позву ў Свіслач іншы прадстаўнік гэтай партыі – Віктар Бабкін. Раней шэсць удзельнікаў мерапрыемства, якое прайшло 26-га кастрычніка, былі аштрафаваныя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 

Аляксандру Васілевіч, кіраўніцу гарадзенскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прыцягваюць да адміністрацыйнага працэсу. Позву прынес участковы міліцыянт. Таксама пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – ч.3, арт. 23, 34 складзены на ваўкавыскага актывіста Віталя Гуляка, які ўдзельнічаў у фэсце.

IMG_4300

Прычынай прыцягнення да аміністрацыйнай справы міліцыянт назваў ўдзел у масавым мерапрыемстве ў Свіслачы 25-га кастрычніка.

Паводле Аляксандры ў той дзеь адбывалася пахаванне Віктара Дзясяціка, грамадскага актывіста Свіслачы, аднаго з арганізатараў вядомага на ўсю Беларусь Свіслацкага фэсту паўстанцаў 1863-га году.

– Гэтае мерапрыемства было ў першую чаргу прысвечана пахаванню Віктара Дзясяціка і ўшанаванню яго памяці. Нельга ўшанаваць чалавека і не ўшанаваць справу яго жыцця. У пратаколе сказана, што ў Свіслачы з 12 гадзін да 14.30 было несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, аднак на 12 было прызначанае пахаванне . У пратаколе ідзе гаворка па помнік Віктару Каліноўскаму.

Ці можа стаць пахаванне падставай адміністрацыйнага пераследу? На гэтае пытанне адкажа суд.

Дата суда пакуль не вядома. Як мяркуе Аляксандра Васілевіч, яна не выключае, што распачаць адміністрацыйныя справы могуць супраць усіх удзельнікаў пахавання Віктара Дзясяціка, якія прыехалі з розных мясцінаў Беларусі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя