Рост прыватных фірм па аказанні візавых паслуг



Нягледзячы на заяву амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешэка Шэрэпкі пра стварэнне ў наступным годзе ў Пінску візавага цэнтра, як і яшчэ ў сямі гарадах краіны, рэгістрацыя прыватных фірмаў па аказанні візавых паслуг расце. Толькі за тыдзень у горадзе над Пінай на рэгістрацыю падалі два прадпрымальнікі.

“Нават калі і з’явяцца такія цэнтры ад польскай дыпламатычнай місіі, то патрэба ў нас усё роўна застанецца”, – кажа дырэктар пінскага турыстычна-візавага агенцтва Вадзім Макееў:

–  Сама ідэя, канешне, добрая. На сённяшні дзень візавымі пытаннямі займаецца больш за 100 фірмаў. У любым выпадку візавыя цэнтры не абыдуцца без субпадрадчыкаў, бо не здолеюць апрацаваць такую колькасць жадаючых атрымаць візу. У прынцыпе, і раней у пінчукоў не было праблем з атрыманнем візы. Яны звярталіся ў фірмы, іх запыты апрацоўваліся. На сённяшні дзень з’явіцца яшчэ адзін гулец, які, магчыма, неяк спросціць гэтую працэдуру.

Візавы бізнес у Беларусі – адзін з самых прыбытковых, які патрабуе мінімум укладанняў. Попыт на шэнгенскія візы сярод беларусаў расце, толькі польскімі дыпламатычнымі місіямі выдаецца звыш 350 тысяч віз.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zn.ua