Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу Змітра Лупача



Скаргу незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача зарэгістраваў Камітэт па правах чалавека ААН. Складаць скаргу яму дапамагаў праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў. Яны накіравалі яе яшчэ ў снежні мінулага года, і толькі цяпер прыйшоў адказ аб рэгістрацыі. Скарга датычылася мінулагодняга суда за сюжэт пра капітальны рамонт дома па вуліцы Леніна, 142 у Глыбокім. За гэты сюжэт Лупач быў аштрафаваны ў траўні, касацыйны суд у Віцебску ў той час адбыўся ў чэрвені.

Па словах Змітра Лупача, трэба скардзіцца ў міжнародныя структуры, бо ў нас абскарджванні прысудаў выніку ніякага не даюць.

– З аднаго боку, канешне, пастаянна атрымліваеш адказы, што ўсё правільна, і неяк апускаюцца рукі. Але, з іншага боку, усё ж ведаеш, што ўлада не навечна, і некалі гэтыя справы будуць перагледжаныя. І я спадзяюся, што яны будуць перагледжаныя і нас прызнаюць невінаватымі. Таму, я думаю, усё ж гэта варта рабіць.

Як кажа незалежны журналіст, у яго пададзеная яшчэ адна скарга ў Камітэт па правах чалавека на той суд, дзе яго судзілі за апытанку наконт вучэнняў “Захад-2017”. Але пакуль гэтая скарга знаходзіцца яшчэ ў працэсе рэгістрацыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі