У Польшчы затрымалі расейскага шпіёна



Мужчына меў доступ да стратэгічнай інфармацыі эканамічнага і энергетычнага характару, у тым ліку да планаў па дыверсыфікацыі паставак энергасыравіны.

Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) Польшчы затрымала мужчыну, які падазраецца ў шпіянажы на карысць Расеі. Паводле польскай спецслужбы, Марэк М. падтрымліваў кантакты з афіцэрамі расейскай выведкі, якія працавалі ў пасольстве РФ у Варшаве пад дыпламатычным прыкрыццём. Суд даў згоду на арышт падазронага на тры месяцы, ён знаходзіцца пад следствам.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Марэк М. быў затрыманы ў каардынацыі са спецслужбамі краін Еўрапейскага Звязу. Ён з’яўляўся супрацоўнікам Міністэрства энергетыкі Польшчы. Паводле АУБ, падазроны меў доступ да стратэгічнай інфармацыі эканамічнага й энергетычнага характару, у тым ліку да планаў па дыверсыфікацыі паставак энергасыравіны й будаўніцтва энергетычнай інфраструктуры.

Паводле польскага Крымінальнага кодэксу, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Польскае Радыё