Блогер Сяргей Пятрухін на волі



Затрыманага напярэдадні штонядзельнай акцыі па “кармленні галубоў” і святкавання Дня волі ў Берасці блогера Сяргея Пятрухніна адпусцілі з-пад варты.

Суддзя суда Ленінскага раёна горада Аляксандр Семянчук, задаволіў хадайніцтва блогера аб адвакаце і зрабіў перапынак да 09:30 29 сакавіка.

Пятрухіна вінавацяць у “супраціве супрацоўнікам міліцыі”, якое нібыта мела месца ў пятніцу пасля 9-й вечара, 23 сакавіка, калі ён вяртаўся дадому з лазні:

Аказалася, што я ішоў у расшпіленым паліто, крычаў, хістаўся, ад мяне ішоў пах спіртнога і я аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі, хоць я ніколі ў жыцці так не рабіў. Да мяне прымянілі сілу, запхнулі ў машыну і павезлі на экспертызу. Я адмовіўся яе рабіць, тады мяне адвезлі у Ленініскі, у дзяжурку, дзе я прабыў гадзін шэсць. Потым мяне спусцілі ў ІЧУ.

Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:

Сітуацыя ўжо вядомая, добра наладжаная практыка супрацоўнікаў міліцыі па дыскрэдытацыі актывістаў апазіцыі. Тое, што яны кажуць, для мяне — чыстая лухта. На сённяшні дзень грамадства ўжо дастаткова свядомае, каб не давяраць супрацоўніку міліцыі.

Сяргей Пятрухін звязвае сваё затрыманне з акцыяй па “кармленні галубоў”, якая адбываецца штонядзелю а 12-й на плошчы Леніна ў Берасці. Такім чынам берасцейцы пратэстуюць супраць будаўніцтва кампаніяй “IPOWER” шкоднага акумулятарнага заводу пад Берасцем. “Улады баяліся каб пратэстоўцы пасля акцыі не пайшлі шэсцем да плошчы Свабоды, дзе ў той час пачалося святкаванне Дня волі. Таму ізалявалі на выходныя найбольш актыўных з іх – Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава”, – лічаць прысутныя якія прыйшлі падтрымаць блогера ў судзе.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце