Чым небяспечная БелАЭС акрамя радыяцыі
Чым бліжэй дзень запуску першага рэактара на БелАЭС у Астраўцы, тым горш палітычныя адносіны Вільні і Менска. Абодва бакі дэманстратыўна панізілі ўзровень камунікацыі чыноўнікаў. І апынуліся ў сітуацыі, пры якой чакаць саступак адзін аднаму не выпадае.
Вядома, пагаршэнне двухбаковых адносін стала вынікам супадзення шматлікіх фактараў. І будаўніцтва АЭС тут толькі эпізод. Але гэты эпізод мае патэнцыял ператварыцца ў бомбу. Не атамную, а палітычную.
Справа ў тым, што адным з элементаў бяспекі АЭС з’яўляецца яе абарона з паветра. Якая забяспечваецца як арганізацыйнымі мерамі (ўвядзенне зоны закрытай для палётаў), так і канструктыўнымі (здольнасць канструкцыі вытрымаць падзенне паветранага аб’екта). Гаворачы аб Астраўцы варта адзначыць, што бяспека атамнага комплексу будзе забяспечвацца ў тым ліку і сіламі СПА. Першапачаткова меркавалася, што ў раёне АЭС будзе дыслакаваная батарэя зенітна-ракетных комплексаў ТОР-М2Э. Але ў лютым 2018 года было заяўлена, што для абароны АЭС выдзеляць цэлы полк: 1146-ты зенітны ракетны, на ўзбраенні якога ўжо 4 батарэі ТОРаў, а да канца года дадасца 5-я.
Год таму, у красавіку лёгкаматорны самалёт заляцеў з тэрыторыі Летувы ў паветраную прастору Беларусі. І як раз у раёне Астраўца. На парушэнне сваёй паветранай мяжы ў Менску адрэагавалі вельмі нэрвова. Заявіўшы, што ў беларускага боку было права на выкарыстанне зброі па парушальніку. Беларуска-летувіская мяжа мае складаную канфігурацыю. Што служыць прычынай ненаўмысных і кароткачасовых залётаў лёгкаматорных самалётаў ў паветраную прастору Беларусі з летувіскага боку. Такія інцыдэнты не аказвалі прыкметнага ўплыву на двухбаковыя адносіны. Ўвядзенне ў строй БелАЭС прывядзе да ўзмацнення жорсткасці рэжыму бяспекі ў раёне станцыі. У тым ліку і ў паветранай прасторы. Што з’яўляецца распаўсюджанай міжнароднай практыкай. І заявы беларускіх генералаў аб магчымасці прымянення зброі па самалётах-парушальніках мяжы ў раёне Астраўца сталі сур’ёзным і канкрэтным папярэджаннем.
Акрамя таго варта памятаць, што Астравецкая АЭС – асабіста для А. Лукашэнкі гэта не толькі эканамічны, але і знакавы іміджавы праект. Што робіць жорсткія меры ў дачыненні да любога парушальніка рэжыму бяспекі электрастанцыі практычна непазбежным. Тым больш, што бяспакаранае парушэнне паветранай мяжы ў раёне АЭС можа справакаваць абвінавачванні Менска з боку Расеі ў «дзіравасці» беларускай сістэмы СПА. А гэта рэанімуе ідэю размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі. І ўскладніць адносіны Менска ўжо з Захадам у цэлым і з Украінай.
Прымяненне зброі па чарговым парушальніку паветранай мяжы Беларусі і Летувы справакуе востры крызіс у двухбаковых адносінах. Так што Беларуская АЭС – не толькі аб’ект падвышанай тэхнічнай небяспекі. Але небяспекі палітычнай. І з першай, і з другой нам прыйдзецца жыць. Таму што, як было сказана напачатку каментара, ўвядзенне БелАЭС ў строй непазбежна.