Украінскі законапраект «Пра валюту»: добрыя навіны для беларусаў



У Вярхоўнай Радзе Украніы зарэгістраваны новы законапраект «Пра валюту». Калі гэты закон будзе прыняты, ён закране і грамадзян Беларусі.

Новы закон прадугледжвае лібералізацыю валютных аперацый не толькі для ўкраінскіх грамадзян і камерцыйных структур, але і для ўсіх нерэзідэнтаў.

Мяркуецца, што ўкраінскія бізнесоўцы, якія гандлююць у тым ліку і з Беларуссю, не будуць абавязаныя прадаваць частку валютных прыбыткаў Нацбанку Украіны, а купляць валюту можна будзе без прывязкі да канкрэтнага кантракту. Да таго ж, максімальны тэрмін разлікаў валютных аперацый падаўжаецца да 180 дзён. Усё гэта знізіць і рознічны кошт украінскіх тавараў у беларускіх крамах.

Але найбольш прыемным гэты закон стане для тых беларускіх грамадзян, якія хочуць адкрыць валютны ці грыўневы рахунак ва Украіне.

Пакуль права на банкаўскі рахунак ва Украіне ёсць толькі ў тых беларускіх грамадзян, якія маюць дазвол на сталае пражыванне, выдадзенае іміграцыйнымі службамі. Паводле новага закону, гэтае абмежаванне будзе знятае.

Кіраўніцтва Нацбанка Украіны падкрэслівае, што гэты законапраект адпавядае нормам валютнага заканадаўства краін Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя