Запасы гатовай прадукцыі ў беларускай прамысловасці растуць ужо паўгода



За люты 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці павялічыліся на 137,5 млн рублёў і на 1 сакавіка 2018 года склалі 4 млрд 351,1 млн рублёў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў студзені—лютым 2018 года склалі 63,8% супраць 70,7% у студзені—лютым 2017 года.

У мінулым годзе запасы гатовай прадукцыі зніжаліся некалькі месяцаў запар (у жніўні яны зменшыліся на 85,5 млн, у ліпені — на 30,5 млн рублёў, у чэрвені — на 186 млн, у маі — на 141,6 млн). Са студзеня па красавік яны пастаянна раслі, і іх рост аднавіўся ў верасні (на 70,9 млн рублёў). У кастрычніку яны павялічыліся яшчэ на 114,3 млн рублёў, лістападзе — на 124 млн, снежні — на 13,6 млн рублёў. За студзень 2018 года запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці павялічыліся на 363,1 млн рублёў і на 1 лютага 2018 года склалі 4 млрд 213,6 млн рублёў.

Па выніках лютага 2018 года найбольшы ўзровень складскіх запасаў быў на прадпрыемствах Мінскай вобласці (94,3% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці). Затым ідуць Мінск (85,6%), Гродзенская (79,9%), Брэсцкая (78,3%) і Магілёўская (76%) вобласці.

Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (39,5%) і Гомельскай (25,7%) абласцях, дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.

Найбольш высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў студзені—лютым 2018 года назіраўся ў вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (у 3 разы перавысіў сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў, а таксама вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (у 1,7 разу па кожным відзе дзейнасці).

У горназдабыўнай прамысловасці суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 8,2% (на 1 сакавіка 2017 года — 13,4%), у апрацоўчай — 76,4% (87,2%), у тым ліку ў харчовай прамысловасці — 80,6% (70,4%), дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне, выдавецкай дзейнасці — 75,5% (121,7%). У металургічнай вытворчасці гэты паказчык на 1 сакавіка гэтага года склаў 32,8% (41,7%), у вытворчасці электраабсталявання — 92% (114%), гумовых і іншых неметалічных мінеральных прадуктаў — 110,7% (115,8%) , транспартных сродкаў і абсталявання — 134,7% (197,6%).

Рост складскіх запасаў у прамысловасці — вынік пагоні ўладаў за валавымі паказчыкамі. Такое меркаванне раней выказваў БелаПАН кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук. „Асноўная прычына — гэта арыентацыя на вал, на тое, каб дагнаць і перагнаць па валавых паказчыках сярэднесусветныя паказчыкі. І за цаной наш урад не пастаіць”, — адзначыў Раманчук. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніхто за рост складскіх запасаў не звольнены, ніхто не абвінавачаны ў тым, што краіне нанесены ўрон у асабліва буйным памеры. „Таму чыноўнікі кажуць кіраўнікам прадпрыемстваў: давайце, ганіце, вырабляйце, а потым будзем са складамі разбірацца”, — сказаў эксперт.  БелаПАН