Справы 1939-1940 г. Заходняя Беларусь. Дэпартацыі: каго, куды, за што і як?



“Польскі паход” Чырвонай арміі ў верасні 1939 года меў для Заходняй Беларусі сапраўды вызвольныя наступствы: насельніцтва вызвалялася не толькі ад прыгнёту паноў і капіталістаў, але і ад жытла, маёмасці, сем’яў, а ў некаторых выпадках – і жыццяў.

Ужо праз пяць месяцаў пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР на ўсход пацягнуліся першыя эшалоны з “вызваленымі”. Прытым патрапіць у тыя эшалоны мог практычна кожны: ад дэпартацыі не ратавала ані сацыяльнае паходжанне, ані сімпатыі да новай улады, ані нават членства ў камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

* * *

У савецкім крымінальным праве слова “дэпартацыя”, натуральна, не сустракаецца: дэпартацыямі займаліся фашысты, імперыялісты і іншыя вылюдкі. Было два юрыдычных тэрміны: “ссылка” і “высылка”. Фармальная розніца паміж першым і другім была ў тым, што пры высылцы фігурант сам мог абіраць новае месца жыхарства. Паводле таго ж савецкага заканадаўства, ссылка савецкага грамадзяніна без судовага рашэння забараналася. Але ж пры масавых ссылках ніякіх судовых рашэнняў, натуральна, не было: а то дзе набраць для ўсіх гэтых патэнцыйных ворагаў народа столькі суддзяў?

Яшчэ да пачатку таго “вызвольнага пахода” у НКВД дбайна склалі спісы ўсіх, хто падлягаў арыштам.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

РАСШИФРОВАТЬ НЕМЕДЛЕННО

15 сентября 1939 г.

ЗАМ. НАРКОМА ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СССР т. МЕРКУЛОВУ

(…)

НАЧ. ОСОБОТДЕЛА БОЧКОВУ

НАРКОМУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ БССР ЦАНАВА

Обязываю Вас лично ознакомить всех руководителей групп НКВД с настоящей директивой и тщательно их проинструктировать вместе с руководителями групп НКВД.

Ознакомить с директивой также весь оперативный состав работников групп НКВД и обеспечить точное проведение в жизнь настоящей директивы

(…)

  1. В целях предотвращения заговорщицкой и предательской деятельности – арестуйте и объявите заложниками крупнейших представителей из помещиков, князей, дворян и капиталистов.
  2. Арестуйте наиболее реакционных представителей правительственной администрации (…) жандармерии, пограничной охраны и филиалов 2 Отдела Генштаба, бывшей национал-демократической партии (…)

(…) БНСО – Белорусская Национальная Социалистическая Организация, БНО – Белорусского Национального  Объединения /до 1934 г. именовалась Белорусской Христианской Демократией/ (…)

Аресты духовных лиц пока не производить, особенно католиков.

  1. Занять тюрьмы (…) Организовать новую тюремную администрацию из надежных людей, во главе с одним из работников НКВД, обеспечить строгий режим содержания арестованных (…)

Такім чынам, прынцып працы НКВД на вызваленых тэрыторыях Заходняй Беларусі можна вызначыць як “хапайце ўсіх, а потым разбярэмся, куды і каго”.

У НКВД, як і заўсёды, разбіраліся вельмі аператыўна. Найбольш злосных ворагаў савецкай улады расстралялі. Іншых – пераважна польскіх вайсковапалонных, — павыпраўлялі ў лагеры. Праўда, этнічным беларусам (а таксама ўкраінцам), мабілізаваным у Войска Польскае шэраговымі жаўнерамі, тады неверагодна пашэнціла…

ИЗ МОСКВЫ

ТЕЛЕФОНОГРАММА 22100

т. т. Меркулову и Серову

  1. Военнопленных солдат украинцев, белорусов и других национальностей, жителей Тарнопольского, Станиславского, Львовского и Луцкого воеводств Западной Украины и Новогрудского, Виленского, Белостоцкого и Полесского воеводств Западной Белоруссии распустить по домам. (…)
  2. Военнопленных генералов, офицеров, крупных военных, государственных чиновников направить в Старобельский лагерь Ворошиловоградской области

(…)

 

НКВД СССР                                                                                              БЕРИЯ

 

Польскіх вайсковапалонных з этнічных беларусаў і ўкраінцаў вызвалілі не з гуманізму. Саветам было выгодна прадэманстраваць паказальнае міралюбства. Дый масавыя арышты ці ссылкі соцень тысяч вайсковапалонных беларусаў і ўкраінцаў маглі негатыўна паўплываць на імідж вызваліцелящ; у 1939 годзе ў Войска Польскае мабілізоўвалі мужчын ці не з кожнай сям’і…

Тым часам пад арыштам ужо знаходзіліся дзясяткі тысяч белапольскіх эксплуататараў, паноў і капіталістаў, і спісы тых, каго трэба было неадкладна арыштаваць, штотыдзень пашыраліся.

Напачатку 1940 года савецкая ўлада, нарэшце, вызначылася з тымі ворагамі, чые злачынствы не цягнулі на расстрэльны ці лагерны артыкул, але пакідаць якіх на вызваленай тэрыторыі было нельга. Згодна дырэктывы Лаўрэнція Берыі на імя Наркама НКВД БССР Лаўрэнція Цанавы ад 5 студзеня, у першую хвалю высылкі траплялі “асаднікі”, супрацоўнікі “лясной аховы” і некаторыя грамадзянскія чыноўнікі. Натуральна, разам з ворагамі высылаліся і іх сем’і. Усіх іх 20 лютага ўдарнымі тэмпамі пагрузілі ў таварныя эшалоны, якія і выправілі пераважна ў Сібір і ў Архангельскую вобласць. Усяго, згодна рапарту Цанавы на імя Панамарэнкі, тады з Заходняй Беларусі было выслана 50 732 ворага. Дакладнай статыстыкі загіблых у дарозе і на месцы ссылкі няма.

А ў НКВД ужо падрыхтавалі новыя спісы…

У другую хвалю ссыльных патрапілі:

а) усе удзельнікі некамуністычных партый і аб’яднанняў – як, напрыклад, згаданых у дырэктыве НКВД актывістаў Беларускага Нацыянальнага Аб’яднання і Беларускай Нацыянальнай Сацыялістычнай Арганізацыі;

б) усе былыя шэраговыя жандары і паліцыянты;

в) усе былыя дзяржаўныя чыноўнікі;

г) усе члены іх сем’яў;

Да гэтых катэгорый дзіўным чынам прыраўніваліся крымінальнікі і прастытуткі, якіх без разбору грузілі ў вагоны разам з дзецьмі і старымі.

Лагісты з канвойных частак НКВД нават распрацавалі адмысловую сістэму: колькі людзей і якім чынам транспартаваць. Прытым сістэма гэтая захавалася ажно да пяцідзесятых гадоў.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

РАСЧЕТ

Обеспечения спец-перевозок вагонами

І.   Общий контингент для перевозки включая детей определяется в 100 000 человек.

ІІ.  В каждый товарный вагон предусмотрено грузить по 40 человек.

ІІІ. Каждый эшалон (…) должен состоять из 62 вагонов (…)

ІV. Общая населенность каждого эшалона, таким образом, будет составлять 58 х 40 = 2320 человек.

  1. V. Исходя из населенности каждого эшалона 2 320 человек, запланированным порожняком, обеспечивается перевозка 104 400 человек.

 

У трэцяю хвалю ссылкі патрапілі беларусы, каторыя жылі на памежнай з Трэцім Рэйхам тэрыторыі, якая падлягала “ачыстцы ад непажаданага кантынгенту”, у чацьвертую – польскія яўрэі, якія паўцякалі ў БССР ад нацыстаў (шмат каму з тых яўрэяў ляпілі “супрацоўніцтва з гестапа”), а ў пятую, якая адбылася 20 чэрвеня 1941 года  – усе тыя, хто не патрапіў у чатыры папярэднія.

У параўнанні з папярэднімі хвалямі апошняя плынь была суадносна невялікай: згодна са справаздачай таго ж Лаўрэнція Цанавы, усяго на тэрыторыю РСФСР было выслана 22 353 чалавекі.

Акрамя заходніх беларусаў і заходніх украінцаў, а таксама палякаў і польскіх яўрэяў, з іншых “вызваленых тэрыторыяў”, далучаных да СССР, масава высылалі малдаванаў, гагаузаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў. У 1944 годзе да гэтых народаў дадаліся чачэнцы, інгушы і крымскія татары.

У Латвіі і Эстоніі пачатак масавай ссылкі адбыўся ў адзін дзень: 14 чэрвеня 1941 года. Гэтая дата лічыцца і ў латышоў, і ў эстонцаў днём Нацыянальнай жальбы.

У сучаснай Беларусі пра шматлікія хвалі дэпартацый узроўні ніколі не згадваюць на дзяржаўным узроўні.

* * *

У наступнай перадачы я раскажу, як фальсіфікавалася гісторыя вайны, якая ў СССР называлася “Вялікай Айчыннай”.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 368, 370, 371