У Гародні прайшоў справаздачна-выбарчы сход філіі БАЖ
У Гародні прайшоў справаздачна-выбарчы сход філіі Грамадскага аб’яднання „Беларускай Асацыяцыі Журналістаў”.
На сустрэчу з журналістамі прыехаў кіраўнік арганізацыі з Менску Андрэй Бастунец, які выступіў з прывітальным словам перад удзельнікамі. Пасля адбыліся выбары новага кіраўніцтва гарадзенскай філіі і дэлегатаў на дзясяты з’езд арганізацыі, які пройдзе 20-га красавіка ў Менску.
Якія змены чакаюць БАЖаўцаў, падзяліўся з нашым радыё Андрэй Бастунец:
— Гучаць прапановы. Каб мы змянілі статут, у якім было б адлюстравана, што арганізацыя з’яўляецца творчай і дарэчы такія пункты ёсць у статуце. Гэта звязана з Дэкрэтам прэзідэнта, які звязаны з прыцягненнем ці то да падаткааабкладання ці то да выплаты ў поўным памеры аплаты пэўных паслуг ад грамадзян, якія не выплачваюць сацыяльнага страхавання.
Другі шлях арганізацыі: развіццё ў кірунку прафсаюза, які будзе займацца больш прававой абаронай сяброў БАЖ.
Новым кіраўніком філіі была выбрана Вольга Корсун большасцю галасоў. Намеснікамі абраны Алена Раўбецкая і Ірына Новік. Чаго не стае гарадзенскай філіі і што можна будзе прыўнесці мяркуе Ірына Новік:
— Ну калі можна што дадаць, дык гэта можа больш персанальную камунікацыю. Мы такія вечна занятыя, вечна перагружаныя, што ўвесь час бачым толькі працу. Калі б былі нейкія пасядзелкі за кавай ці куфлем піва, ці нейкія квізы журналісцкія, нешта смешнае і ненапружнае, дык для ўсіх гэта было б карысна. Думаю, мы паспрабуем і такія фарматы, каб не толькі для працы, але і для рэлаксу.
У гарадзенскай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў знаходзяцца сябры розных друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі. Асноўны кірунак дзейнасці ў апошнія гады: курсы па падвышэнні кваліфікацыі, праўная дапамога і ўзаемадапамога яе сяброў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя