Будзь асцярожны – сачы за сабой
Пасля двух цёплых і сонечных выходных дзён радуешся не толькі цудоўнаму надвор’ю, але і таму, што твая краіна абышлася без вялікага “хапуна” ды масавых затрыманняў. Без кропкавых не абышлося, але ж бывае горш. Мы ведаем.
І вось тут не атрымліваецца спакойны піць ранішнюю каву і пазітыўна распачынаць новы працоўны тыдзень – на ўздыме, так бы мовіць! Па той простай прычыне, што ў суседа твайго, з-за якога ты меў у гістарычнай рэтраспектыве шмат непрыемасцяў (ды і цяпер пахваліцца добрымі адносінамі не выпадае!), здарылася бяда. І радавацца гэтаму ты зусім не можаш. Можаш крытыкаваць безгаспадарлівасць, хамства, непрафесіяналізм і безадказнасць, але глядзіш на сваю краіну і разумееш: нешта падобнае да трагедыі ў расейскім горадзе Кемерава можа здарыцца і дома.
Па той простай прычыне, што ўсе вышэйпазначаныя “грахі” маюцца і ў Беларусі, на жаль: зашмат у нас абыякавасці і замала людзей, якія сумленна штодзень робяць сваю працу. Не, мы можам спадзявацца, канечне, што ў нас усё будзе добра! Магчыма, у нас не ў такіх маштабах парушаецца тэхніка бяспекі ў гандлёвых цэнтрах і памер хабару не такі вялікі, але ж і краіна меншая, і тэхнікі прыніжэння людской годнасці ды парушэння правоў чалавека адпрацаваныя… Не горш.
Правы журналістаў. Тых самых журналістаў, якія першымі павінны прыехаць і даць адэкватную інфармацыю пра надзвычайнае здарэнне. Тых самых журналістаў, што не будуць замоўчваць, але і панікаваць таксама не будуць. Тых самых журналістаў, якіх не было ў дастатковай колькасці на пажары ў Кемерава, таму што сапраўдная журналістыка знішчаная ў РФ. Парачкі прагрэсіўных СМІ тыпу “Новай газеты” ці “Эхо Москвы” малавата для такой агромністай імперыі, таму мала шанцаў, што мы даведаемся, колькі ж людзей загінула ў Кемерава.
Мы можам спадзявацца, што ў нас, у Беларусі, абыдзецца. Толькі вось акумулятарны завод ля Берасця будуюць насуперак пратэстам мясцовых жыхароў. І шмат іншых падобных прадпрыемстваў не толькі даюць працоўныя месцы, але і псуюць экалогію нашых малых ды вялікіх гарадоў… Мы можам спадзявацца, што абыдзецца без аварый, – разлічваць не можам.
У сітуацыі ўсемагчымых форс-мажораў, што час ад часу ў свеце здараюцца, разлічваць можна толькі на праўду… Зрэшты, інфармацыя каштуе дорага. Не факт, што гэта – пра нас.