Шуневіч: Любая несанкцыянаваная акцыя будзе спыненая вельмі хутка і эфектыўна



 

„Ні адна акцыя, несанкцыянаваная ў Рэспубліцы Беларусь, не адбудзецца. А калі адбудзецца, то будзе спыненая вельмі хутка, эфектыўна, на падставе існага заканадаўства”, — заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у інтэрв’ю праграме „Размова ў прэзідэнта” ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным увечары 27 сакавіка.

Сёння гэтая тэма ўзнімалася падчас даклада кіраўніка МУС Аляксандру Лукашэнку, які паставіў задачу імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, і не звяртаць увагі на заявы Еўрасаюза і Дзярждэпартамента ЗША.

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя грамадзяне вырашылі адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі правядзеннем несанкцыянаваных мерапрыемстваў, нягледзячы на тое што яны былі забароненыя. „Што хочам, тое і робім. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага”, — заявіў ён.

25 сакавіка ў Менску прайшоў дазволены ўладамі святочны канцэрт каля опернага тэатра. Паводле інфармацыі арганізатараў, канцэрт наведала каля 50 тыс. чалавек. За гадзіну да пачатку дазволенай акцыі адбыўся разгон людзей на плошчы Якуба Коласа, дзе апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў сабрацца для правядзення шэсця да опернага тэатра. Шэсце было забаронена ўладамі. Паводле звестак праваабаронцаў, на плошчы сілавікі затрымалі не менш як 110 чалавек. Большасць з іх былі адпушчаныя ў той жа дзень. У дачыненні як мінімум да 12 складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

У інтэрв’ю „Беларусь 1” 27 сакавіка, адказваючы на пытанне аб жорсткасці праваахоўнай сістэмы, Шуневіч заявіў: „Сёння Міністэрства ўнутраных спраў — гэта адзін з самых сур’ёзных інструментаў у руках улады па навядзенні парадку ў краіне. Так было. І мы будзем мацнець у далейшым, як і наша дзяржава. Безумоўна, сёння мы ўяўляем рэальную пагрозу для тых, хто стварае рызыкі, выклікі ў нашай дзяржаве”.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што МУС заўсёды будзе „стаяць на строгім выкананні літары і духу закона”.  БелаПАН