У Беларусі можа быць уведзены сацыяльны падатак



У Беларусі замест узносаў у дзяржаўны пазабюджэтны Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) можа быць уведзены асобны сацыяльны падатак. Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко 28 сакавіка на канферэнцыі „Фіскальная палітыка ў мэтах ўстойлівага эканамічнага развіцця”.

„На парадку дня стаіць абмеркаванне пытання аб уключэнні ў склад падатковай сістэмы узносаў у ФСАН у выглядзе сацыяльнага падатку альбо захавання дзейнай страхавой сістэмы ў выглядзе асобнага плацяжу і асобнага пазабюджэтнага дзяржаўнага фонду”, — удакладніў намеснік міністра фінансаў.

Паводле слоў Кійко, „тут мноства варыянтаў, абмеркаванне і падлік якіх нам неабходна пачынаць”.

Як паведамлялася, у мінулым годзе для Беларусі востра стаяла пытанне збалансаванасці бюджэту ФСАН. Міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч 2 лютага на выніковай калегіі міністэрства заявіла, што агульная сума паступленняў у бюджэт фонду з усіх крыніц за мінулы год склала 12,4 млрд рублёў.

„На жаль, для забеспячэння своечасовага фінансавання ўсіх выдаткаў прыцягваліся сродкі рэспубліканскага бюджэту ў выглядзе міжбюджэтнага трансферту ў суме амаль 519 млн рублёў, а з рэспубліканскага бюджэту былі пакрыты страхавыя выдаткі ў суме 718 млн рублёў”, — сказала міністр. Асноўная крыніца даходу фонду — гэта абавязковыя страхавыя ўзносы, якія складаюць амаль 87%.

Агульная сума даходаў ФСАН на 2018 год запланавана ў аб’ёме 13,58 млрд рублёў. Расходная частка бюджэту фонду разлічана ў суме 13,393 млрд. Такім чынам, бюджэт сфарміраваны з прафіцытам 188 млн рублёў. Паступленні ў ФСАН у студзені склаліся на ўзроўні за 1,1 млрд рублёў (8,4%), выдаткі — 1 млрд рублёў (7,3%).

БелаПАН