Чаму аграпрамысловы сектар жыве з працягнутай рукой?



Эканаміст Леў Марголін распавёў, чаму сельская гаспадарка ў краіне па-ранешаму трымаецца на дзяржаўных датацыях.

У гэтым годзе за кошт дзяржаўнага бюджэта і ільготных крэдытаў на пасяўную патрэбна каля 1 мільярда даляраў. Чаму аграпрамысловы сектар не можа ўтрымліваць сябе сам?

Леў Марголін: Тут ёсць дзве акалічнасці, якія не залежаць адна ад другой. Па-першае, сельская гаспадарка – гэта ў асноўным сезонная вытворчасць, а таму заўсёды патрабуецца нейкая ўліванне грошай, калі ідзе пасяўная. Моцныя прадпрыемствы вырашаюць гэтае пытанне за кошт крэдытаў, але такіх прадпрыемстваў у нас не так шмат. Да таго ж, самі крэдыты пакуль не вельмі танныя.

Другая акалічнасць, чаму ў краіне не так шмат моцных сельгаспрадпрыемстваў, палягае ў тым, што наша сельская гаспадарка працягвае заставацца без рэформ. Няма прыватнай уласнасці на зямлю, і тыя, хто гаспадараць на ёй, не зацікаўлены ў нейкіх мерах, якія б спрыялі доўгатэрміноваму паляпшэнню якасці гаспадаркі. Іх кіраўнікі глядзець наперад на год-два, але не больш. Што будзе далей – мала каго цікавіць. Няма прыватнай уласнасці – не варта чакаць і кіраўнікоў новай генерацыі.

РР: Наколькі моцную канкурэнцыю складаюць сёння дзяржаве фермеры?

Леў Марголін: Фермеры пакуль не ў стане канкурыраваць з дзяржаўным сектарам. Можна, безумоўна, назваць некалькі фермерскіх гаспадарак, якія досыць трывала стаяць на нагах, але іх не так шмат.

РР: Чаму так адбываецца?

Леў Марголін: Па-першае, няма прыватнай уласнасці на зямлю. Няма такіх прывабных умоў, каб людзі, якія сапраўды нешта разумеюць у гэтай справе, ішлі туды. У нас жа сітуацыя такая, што сёння ты гаспадар, а заўтра – ніхто. Адбяруць зямлю, якую чалавек вырабіў, і не пачырванеюць.

Адным словам, нягледзячы на тое, што дзяржава ўвесь час абяцае нейкую дапамогу фермерам, апошнія, як былі бяспраўнымі, так імі і засталіся. Таму нават не адважваюцца канкурыраваць з дзяржавай. А апошняя працуе па старому сцэнару – працягвае ўкідваць бюджэтныя грошы ў стратныя гаспадаркі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя