Чаму гістарычная дата не з’яднала апазіцыю?
Мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка выказаў сваё стаўленне да палемікі, якая адбылася вакол фармата святкавання 100-годдзя незалежнасці БНР.
Нагадаем, што падчас святкавання апазіцыя падзялілася на “пратэстную” і “канцэртную”, у бок адзін аднаго нярэдка гучалі абвінавачванні. Чаму слаўная дата не з’яднала дэмакратычную грамадскасць?
Вінцук Вячорка: Я не думаю, што ёсць нейкае катастрафічнае раз’яднанне.Тут можна казаць пра падзяленне каштоўнасцей, але якраз разнастайныя акцыі рознага фармату і рознай ступені легальнасці паказалі, што для актыўнай часткі беларускага грамадства існуюць такія каштоўнасці. У першую чаргу – каштоўнасць незалежнай дзяржавы. І гэта суадносіцца і ўзаемаабумоўліваецца каштоўнасцямі свабоды. Вось найважнейшая выснова.
А ўсе астатнія спрэчкі і дапяканні адзін аднаго больш сведчаць пра невысокую палітычную культуру тых, хто іх дапускаў. Трэба сказаць, што у абедзвюх канцэптуальных групах былі людзі, якія рабілі такія глупствы, а былі тыя, хто займаўся справай. Так што некаторым проста трэба расці ў сваёй палітычнай культуры і не весціся на правакацыі ўладаў, якія, безумоўна, рабілі ўсё, каб раскалоць нават не палітычную апазіцыю, а беларускае грамадства. Сёння актывізм генеруюць не палітыкі.
РР: Адным словам, гэта глупства – дзяліць апазіцыю на “пратэстную” і “канцэртную”?
Віцук Вячорка: Галоўнае – мець супольныя каштоўнасці. А як ужо функцыянальна гэта выказваць – пытанне тактыкі. Іншая рэч, што з-за недахопу палітычнай культуры і адказнасці ўсе арганізатары мерапрыемстваў не дамовіліся аб размеркаванні роляў. І тут трэба расці. Можа быць, маладое пакаленне да гэтага дарасце.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя