БАЖ далучыцца да працэсу ў Менскім гарадскім судзе



„Беларуская асацыяцыя журналістаў” далучыцца да працэсу ў Менскім гарадскім судзе. У лютым віцебскі праваабаронца Павел Левінаў падаў у суд на Міністэрства інфармацыі Беларусі ў сувязі з блакаваннем сайта «Хартыя-97». У скарзе віцебскі праваабаронца адзначае, што блакаванне інфармацыйнага рэсурсу парушае яго права на атрыманне інфармацыі і з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды думкі і яе выказвання. У гэтым яго поўнасцю падтрымлівае БАЖ, кажа прэс-сакратар журналісцкай арганізацыі Барыс Гарэцкі:

–  „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, безумоўна, падтрымлівае Левінава ў гэтым працэсе. Мы будзем выступаць у якасці прадстаўнікоў грамадскасці. Гэта дапускае арт.78 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. Грамадскія аб’яднанні могуць выказваць меркаванні грамадскасці. Безумоўна, у гэтым выпадку мы мяркуем, што скарга Паўла Левінава абсалютна неабгрунтавана была адхіленая. І таксама будзем прасіць суд, каб гэтую скаргу суд разгледзеў. Каб нарэшце стала вядома, першае, за што “Хартыя” заблакаваная. А па-другое, каб гэтае рашэнне міністэрства інфармацыі было адмененае.

8 лютага суд Цэнтральнага раёна адмовіў Левінаву ў распачынанні справы па скарзе ў сувязі з нібыта «непадведамаснасці справы суду». Цяпер Павел Левінаў абскардзіць гэта рашэнне ў Менскім гарадскім судзе. Працэс пройдзе заўтра ў  17 гадзін.

Нагадаем, што 24 студзеня ўлады заблакавалі незалежны інфармацыйны рэсурс „Хартыя-97”. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя