У Берасці ўлады забаранілі мітынг супраць акумулятарнага завода



Берасцейскі гарвыканкам забараніў праводзіць мітынг супраць узвядзення акумулятарнага завода. Заяўнікамі мерапрыемства выступілі Міхаіл Галуза і праваабаронца Раман Кісляк.

Мітынг вызначаўся на 31 сакавіка ў цэнтры Берасця на плошчы Свабоды. Планаваная колькасць удзельнікаў 500 чалавек.

Мэта мітынгу — выказаць публічны пратэст у сувязі з будаўніцтвам пад Берасцем акумулятарнага завода і праінфармаваць жыхароў рэгіёна аб небяспецы выкідаў свінцу і яго аксідаў, якая будзе ім пагражаць, калі гэты завод пачне працаваць.

Як паведаміў БелаПАН Кісляк, гарвыканкам не дазволіў мітынг на падставе таго, што ён планаваўся не ў месцах, дзе дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў. Імі мясцовыя ўлады вызначылі стадыён „Лакаматыў” і пляцоўку ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў.

„Нам адмовілі, выкарыстоўваючы фармальную падставу. Упэўнены, калі б мы падалі заяўку на якое-небудзь з гэтых двух месцаў, якія нельга назваць інакш чым рэзервацыямі, нам бы таксама адмовілі. І знайшлі прыгожую прычыну забароны. Атрымліваецца замкнёнае кола: легальна не дазваляюць, а за нелегальныя акцыі садзяць на суткі ці штрафуюць”, — дадаў праваабаронца.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Было сабрана амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва, якія былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага. З 25 лютага кожную нядзелю праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода прыходзяць на плошчу Леніна ў Берасці і абмяркоўваюць свае далейшыя дзеянні.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна горада адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПауэр” і Брэсцкага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэр” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).

„Істцы маюць намер абскардзіць гэтае рашэнне суда. А кампанія супраць будаўніцтва гэтага завода будзе працягнутая. Будуць і іншыя судовыя працэсы з мэтай спыніць будоўлю”, — заявіў праваабаронца.

belapan.by