Новыя правілы ўвозу тавараў фізасобамі ў краіны ЕАЭС



29 сакавіка набыло моц рашэнне Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 20 снежня 2017 года №107 „Аб асобных пытаннях, звязаных з таварамі для асабістага карыстання”, перадае БелТА.

Згодна з ім, увесь 2018 год працягваюць дзейнічаць існуючыя нормы: бяспошлінна на тэрыторыю ЕАЭС можна ўвозіць тавары на агульную суму не больш за 1500 еўра і вагой да 50 кг. Потым гэтая норма будзе паэтапна зніжацца — як у суме, так і ў вазе. Зніжэнне не закране толькі багаж авіятранспарту.

Са студзеня 2019 года ліміт знізіцца да 1000 еўра і 50 кг адпаведна, а з 1 студзеня 2020 года — да 750 еўра і 35 кг. З 1 студзеня 2021 года з-за мяжы можна будзе бяспошлінна прывезці тавары на суму не больш за 500 еўра і вагой не больш за 25 кг.

На самалёце па-ранейшаму можна будзе прывезці з сабой пакупкі на суму да 10 тысяч еўра і вагой не больш за 50 кг.

Пад зніжэнне лімітаў трапілі і тавары, якія дастаўляюцца поштай ці перавозчыкам, у тым ліку пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. З 1 студзеня 2018 года ліміт на такія тавары вызначаны ў 1000 еўра і 31 кг на працягу аднаго каляндарнага месяца. З 1 студзеня 2019 года без выплаты мытных пошлін і падаткаў можна будзе замовіць тавары на агульную суму да 500 еўра і вагой не больш за 31 кг на працягу каляндарнага месяца. З 1 студзеня 2020 года нормы бяспошліннага ўвозу будуць зніжаныя да 200 еўра і 31 кг. Пры гэтым будуць зняты ўсе абмежаванні па часе і колькасці замоваў.

Разам з тым плануецца знізіць і пошліну за перавышэнне лімітаў. Напрыклад, у 2018-2019 гадах за перавышэнне нормы прыйдзецца заплаціць 30% кошту, але не менш за 4 еўра за 1 кг вагі пры перавышэнні вагі або кошту. А ўжо ў 2020 годзе — 15% ад кошту, але не менш за 2 еўра за 1 кг перавагі. Праўда, самі краіны ЕАЭС могуць ўводзіць для сваіх грамадзян дадатковыя абмежаванні, якія зніжаюць нормы ўвозу.

Розныя нормы ўвозу дзейнічаюць у краінах ЕАЭС і цяпер. Так, у Казахстане, Кыргызстане і Расеі бязмытна можна ўвезці тавары на 1000 еўра, у Арменіі — на 200 тысяч драм (каля 350 еўра), у Беларусі — 22 еўра. Рашэнне Савета ЕЭК абмяжоўвае верхні парог бязмытнага правозу. Але краіны маюць права на нацыянальным узроўні зніжаць яго яшчэ больш.

БелТА