Каталікі рыхтуюцца да Вялікадня
Паўсюдная Апостальская Царква рыхтуецца да кульмінацыйнага, найважнейшага свята хрысціянаў – Вялікадня. У рыма-каталіцкай традыцыі асабліва важныя тры малітоўныя дні, ці як іх яшчэ называюць «велікодны трыдыум», які пачынаецца з Вялікай Пятніцы – успамінаў пра пакутніцкую смерць на крыжы Ісуса Хрыста. Кажа пробашч малой базілікі ў Гародні ксёндз Ян Кучынскі.
– Успамін таго, што Хрыстос быў схоплены, яго дапытвалі, білі, замучылі і прыбілі да крыжа. Гэта менавіта Вялікая Пятніца азначае смерць Пана Езуса на крыжы. Гэта алітургічны дзень – не цэлебруецца ніводнай службы, Еўхарыстыя ў гэты дзень не цэлебруецца. Толькі ўспамін пра смерць Езуса на крыжы. Такім чынам, сама цэлебрацыя Вялікай Пятніцы распачынаецца Крыжовым шляхам.
Крыжовы шлях а 18-ай гадзіне ў Вялікую Пятніцу пройдзе ў малой базіліцы святога Францішка Ксаверыя. А беларусы грэка-каталікі Гародні ў Вялікую Пятніцу маюць Вячэрню з вынасам плашчаніцы ў той жа час.
Дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз-біскуп Язэп Станеўскі напярэдадні свята хрысціянаў Вялікадня звярнуўся да вернікаў з віншаваннем. У звароце ён падкрэсліў пра збаўчую моц Уваскрасення Хрыста над злом у свеце і ў самім чалавеку.
– Адвечная міласэрная любоў Бога пранізвала мёртвае цела Езуса і перамяніла яе. Такім чынам, Езус не вяртаецца да зямнога, папярэдняга жыцця. Ён увайшоў да хвалы божага хвалебнага жыцця разам з нашым чалавецтвам. Браты і сёстры, любоў Хрыста адарыла нас надзеяй нашага змёртвыхпаўстання, перамогай над злом і грахом, да свабоды, любові і дабра.
Велікоднае набажэнства пройдзе ў беларускіх грэка-каталікоў у Гародні: яно пачнецца ад Ютрані і літургіі ад 22-й гадзіны 31 сакавіка.
У галоўным рыма-каталіцкім храме – малой базіліцы святога Францішка Ксаверыя – першая Велікодная імша пачнецца ў нядзелю, 1-га красавіка, а 7-й гадзіне раніцы. Усяго ў гэтым храме ў Вялікдзень запланавана сем службаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня