Берасцейскага блогера аштрафавалі на 45 базавых велічынь



45 базавых велічынь штрафу атрымаў берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін за парушэнне артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Сведкамі супраць блогера выступалі чацвёра міліцыянтаў, якія прымалі ўдзел у ягоным затрыманні, якое адбылося 23 сакавіка ў 21:55 у двары дома дзе жыве Пятрухін.

 

Нягледзячы на блытаніну ў паказаннях міліцыянтаў, суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук прызнаў блогера вінаватым. Рашэнне суддзі і паводзіны сведкаў каментуе сам Сяргей:

Суд я звязваю выключна з блогерскім асвятленнем праблемнага для Берасця прадпрыемства IPOWER. Мне няма куды з’язджаць, у мяне сын і я ўраблю усё, каб тут не было гэтага заводу. Няхай саджаюць мяне куды хочуць і колькі штрафаў мне ўсё адно, я буду працягваць. І я хачу выказаць вялізную падтрымку людзям, якія прыходзяць на суды, і якія дапамагаюць збіраць штрафы, бо я ні ў чым не вінаваты, сваёй віны я прызнаваць не буду, бо гэта будзе дурасцю. Я вельмі ўдзячны людзям, якія стараюцца дапамагаць мне.

Падтрымаць Сяргея Пятрухіна ў залю суда прыйшло каля двух дзясяткаў чалавек, сярод якіх праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Таксама за разглядам справы назіраў і праваабаронца Раман Кісляк, які так пракаментаваў яе вынік:

Відавочна, што была спецаперацыя па дыскрэдытацыі Сяргея Пятрухіна. Яго свядома чакалі некалькі гадзін у пад’ездзе, затрымалі, а справу прадставілі такім чынам, што нібы ён знаходзіцца ў нецвярозым стане, супраціўляецца, — дзеля таго, каб ізаляваць яго на час правядзення масавых мерапрыемстваў у Берасці ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Падтрымаць Сяргея Пятрухіна ў залю суда прыйшло каля двух дзясяткаў чалавек, сярод якіх праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Суддзя Аляксандр Семянчук, нягледзячы на абвешчанае ім адкрытае судовае пасяджэнне, забараніў рабіць фота і відэафіксацыю, а таксама весці прамую аўдыётрансляцыю з яго. Пятрухін з дапамогай адваката збіраецца абскарджваць дадзенае рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце