Акцыя „Тыдзень лесу” пройдзе ў Беларусі з 14 па 21 красавіка



Акцыя „Тыдзень лесу” пройдзе ў Беларусі з 14 па 21 красавіка, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

„У гэтым годзе акцыя, арганізатарам якой традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, будзе прысвечана Году малой радзімы і аднаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў у 2017 годзе. Галоўная мэта мерапрыемства – прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да праблем ляснога фонду, папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў”, – адзначылі ў прэс-службе.

Акцыя праводзіцца 11-ы раз. „Як паказвае статыстыка, з кожным годам да мерапрыемства далучаецца ўсё большая колькасць беларусаў. Толькі ў мінулым годзе свой уклад у прымнажэнне ляснога фонду краіны ўнеслі каля 82,5 тыс. чалавек. Іх рукамі пасаджаны амаль 21 млн дрэў. Усяго ў ходзе „Тыдня лесу-2017″ лясныя культуры былі створаны на плошчы 6,7 тыс. га, з іх 1,1 тыс. га – участкі лесу, пашкоджаныя ўраганамі. Акрамя таго, былі адрамантаваны месцы адпачынку, праведзены работы па ўборцы захламленасці, ачыстцы прыдарожных палос”, – расказалі ў ведамстве.

Цяпер лясгасы і ДВЛГА вызначаюць пералік аб’ектаў, на якіх будуць арганізаваны работы па лесааднаўленні і навядзенні парадку ў час цяперашняй акцыі. Чакаецца, што яна пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мінлясгасам зацверджаны склад аргкамітэта і распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні „Тыдня лесу”. Свае абласныя планы мерапрыемстваў распрацавалі і ўсе дзяржаўныя вытворчыя лесагаспадарчыя аб’яднанні. „Для таго каб прыняць удзел у акцыі „Тыдзень лесу-2018″, жыхарам нашай краіны неабходна звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва. Спецыялісты не толькі вызначаць месца і від работы, але і забяспечаць неабходным інвентаром, пасадачным матэрыялам”, – растлумачылі ў прэс-службе.

У акцыі штогод прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкі корпус, кіраўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, бізнес-супольнасць. Для прыцягнення яшчэ большай увагі да мерапрыемства па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі быў падрыхтаваны тэматычны відэаролік аб зялёным багацці Беларусі.

belta.by