Аўтограф-сесія Пятра Васючэнкі ў «Акадэмкнізе» — 4 красавіка



Новая кніга ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў „Каляровы ровар” — новая сустрэча з легендарнымі панамі Кубліцкім ды Заблоцкім!

Ці чулі вы пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага? Яны праелі, прагулялі ўсю сваю гаспадарку, а пасля сеялі рэпу, наседжвалі яйка з-пад Куры-Шчабятуры, змагаліся з Цмокам паганым ды траплялі ў іншыя гісторыі. Пра іх апавядаў аўтар гэтай кнігі ў дзвюх папярэдніх казачных аповесцях – “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” і “Гаспадарка паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. Цяпер – працяг дзівосных панскіх авантураў, дзе поўна неспадзяванак, гумару і вясёлых парадоксаў.

4 красавіка ў кнігарні “Акадэмкніга” — аўтограф-сесія Пятра Васючэнкі з нагоды выхаду яго новага раману-казкі для дзяцей “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. У мерапрыемстве прыме ўдзел мастачка Крысціна Баранава, якая зрабіла ілюстрацыі да кнігі.

Прыходзьце самі, прыводзьце сваіх дзетак!

Аўтограф-сесія адбудзецца пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Калі: 4 красавіка

Дзе: кнігарня “Акадэмкніга” (Мінск, пр. Незалежнасці, 72)

Пачатак: 18.30

Уваход вольны!