Біскуп Буткевіч: Няхай гэтае свята павялічыць дабро ў свеце
Напярэдадні свята Уваскрасення Гасподняга віцебскі біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да вернікаў з душпастырскім пасланнем.
Адмыслова ён павіншаваў са святам Пасхі і слухачоў Беларускага Радыё Рацыя.
У пасланні ён распавядае пра тое, што мяняецца, калі прыходзіць Хрыстос.
Па словах біскупа, Хрыстос прыходзіць не дзеля таго, каб змяніць знешнія ўмовы жыцця чалавека ці палітычны строй. Ён прыходзіць, каб змяніць чалавека духоўна:
— Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Хацелася б звярнуць увагу на гэтыя словы. Гэта праўда, якую мы прымаем на веру і праўда, на жаль, да якой сёння, як і ва ўсе часы, шмат людзей адносіліся і адносяцца скептычна Маўляў, што ж змянілася? Хрыстос Уваскрос, але не стала менш войнаў у свеце, не стала менш нянавісці, забойстваў чалавека чалавекам. Аднак, Хрыстос не прыйшоў, каб змяніць знешнія ўмовы жыцця чалавека, змяніць тыя ці іншыя палітычныя ўстроі. Хрыстос прыйшоў, каб змяніць сэрца чалавека і ягоная перамога — гэта перамога святла над цемрай, дабра над злом, праўды і любові над нянавісцю і несправядлівасцю. Таму хацелася б пажадаць, каб гэтая перамога, перамога Хрыста, ягонай праўды, ягонага святла, адбылася перадусім у нашых сэрцах, нашых душах, бо тады гэты свет мае шанец стацца лепшым. Калі кожны з нас, як частачка гэтага свету, будзе прамянець тым святлом Уваскрослага Хрыста. Святла, любові, дабра і супакою ад Уваскрослага жадаю ўсім вам, дарагія браты і сёстры. Няхай гэтае свята павялічыць дабро ў гэтым свеце, якога ён так прагне і жадае. Няхай гэтае свята бузе ля вас сапраўды светлым, прыемным, утульным і добрым. Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Сёлета свята Уваскрасення Хрыстова рыма-каталіцкая і грэка-каталіцкая царква, а таксама пратэстанты, адзначаюць 1 красавіка.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя