МЗС Расеі высылае дыпламатаў 23 дзяржаваў
Міністэрства замежных справаў Расеі абвясціла аб «люстраных мерах» у дачыненні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпламатаў.
Прадстаўнікі дыпламатычных місіяў Албаніі, Нямеччыны, Даніі, Ірландыі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Македоніі, Малдовы, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Румыніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі і Эстоніі павінны пакінуць Расею да 7 красавіка.
Захады закрануць каля 150 дыпламатаў. Акрамя гэтага, у МЗС заявілі, што пакідаюць за сабой права на «захады ў адказ» у дачыненні да Бельгіі, Вугоршчыны, Грузіі і Чарнагорыі. Гэтыя краіны таксама выслалі расейскіх дыпламатаў на знак салідарнасці з Вялікабрытаніяй.
Раней расейскія ўлады ўжо абвясцілі пра высылку 60 амерыканскіх дыпламатаў і закрыццё генеральнага консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу. Ад Вялікабрытаніі Крэмль запатрабаваў ураўняць колькасць супрацоўнікаў брытанскіх дыпламатычных місіяў у Расеі і расейскіх у Лондане.
Высылка дыпламатаў не мае на ўвазе скарачэння агульнай колькасці персаналу дыпламатычных місій: супрацоўнікаў, абвешчаных персонамі нон-грата, можна замяніць іншымі. Адзінае на дадзены момант патрабаванне менавіта скараціць штат сваіх супрацоўнікаў было заяўлена Расеяй у адрас Брытаніі.
Каля 150 расейскіх дыпламатаў былі высланыя з замежных дзяржаваў пасля таго, як Крэмль адмовіўся адказваць на пытанні ў справе аб атручэнні ў Вялікабрытаніі былога афіцэра расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Іх атруцілі нервова-паралітычным рэчывам тыпу «Навічок», вырабленым у СССР. Лондан назваў гэта замахам з боку Крамля і ўжываннем хімічнай зброі на тэрыторыі Злучанага Каралеўства. Масква ўсё абвінавачанні ў «справе Скрыпаля» адхіляе.