Справа 1949 г. Як сфальшаваць гісторыю “Вялікай Айчыннай”: пакрокавая інструкцыя ад савецкай цэнзуры



Цяпер ужо мала хто можа дакладна расшыфраваць савецкае слоўца “Глаўліт”, а ўжо расказаць, чым той Глаўліт займаўся, не зможа і пагатоў.

Між тым, савецкія журналісты, мастакі, кампазітары і пісьменнікі пры размове пра Глаўліт міжволі змаўкалі – нібыта пры згадках пра Дзяржбяспеку. Што не дзіўна. Галоўнае Упраўленне па справе літаратуры і выдавецтваў з’яўлялася афіцыйным цэнзурным органам СССР. Цэнзары мелі законнае права не толькі “зарубіць” газетны артыкул, тэлевізійную перадачу, раман ці паэму, але і сур’ёзна сапсаваць жыццё іх аўтарам.

Глаўліт адсочваў абсалютна ўсё: ад “вайсковых таямніцаў” і да “праяваў буржуазнай парнаграфіі”. У другой палове саракавых да гэтых напрамкаў дадаўся яшчэ адзін: цэнзураванне інфармацый, прысвечаных “Вялікай Айчынай вайне”…

 

* * *

Гісторыя “Вялікай Айчынай” фальсіфікавалася ў СССР рэгулярна і бессаромна. Так, таварыш Сталін агучыў колькасць загіблых у тае вайне ў тры міліёны. Таварыш Хрушчоў называў іншую лічбу – сем міліёнаў. За таварышам Брэжневым была прынятая афіцыйная лічба ў дваццаць міліёнаў, якая засталася нязменнай да скону Савецкага Саюза.

Маніпуляцыі з лічбамі маюць багатыя традыцыя і ў Беларусі. За часамі “развітога сацыялізма” ва ўсіх школьных падручніках пісалася, што падчас вайны “загінуў кожны чацвёрты”. Але ўжо ў постсавецкія часы гэты адсотак змяніўся да “кожнага трэцяга”…

А вось згодна адмысловай інструкцыі 1949 года, у СССР катэгарычна забаранялася агучваць увогуле ўсе лічбы стратаў у тае вайне…

 

ИЗ ПЕРЕЧНЯ СВЕДЕНИЙ, ЗАПРЕЩЕННЫХ К ОПУБЛИКОВАНИЮ В ОТКРЫТОЙ ПЕЧАТИ И ПО РАДИО

(…)

  1. Сведения об Отечественной войне
  • 99

Запрещяатеся опубликовать цифровые данные о потерях в людях в целом по СССР, по вооруженным силам СССР, отдельным операциям, родам войск, соединениям, частям и кораблям, республикам, краям, областям, городам, городам и районам.

  • 100

Запрещается опубликовать сводные цифровые данные о количестве инвалидов войны в целом по СССР, республикам, краям, областям, городам, районам и сельсоветам.

Прабачце, але ж войнаў без ахвяраў і без інвалідаў не бывае! Хіба аўтары інструкцыі для Глаўліта пра гэта не ведалі?

Безумоўна, ведалі. Чаму ж забаранялі пісаць пра забітых і параненых?

Прычынаў, як мінімум, дзве.

Па-першая, ленінска-сталінскае кіраўніцтва СССР было настолькі мудрым, што не магло дапусціць вялікіх чалавечых стратаў; страты, вядома ж, былі, але нязначныя. Датаго ж, найбольшыя страты Чырвонай армія панесла акурат у першыя гады вайны, у тым ліку з прычыны бяздарнага камандвання, а вызнаваць гэтага вельмі не хацелася.

Па-другое, у 1949 годзе, то бок у год выдання гэтай інструкцыі, Савецкі Саюз накрыў чарговы мілітарны псіхоз. Толькі цяпер у якасці ворага выступалі Злучаныя Штаты і ўвогуле Захад. “Халодная вайна” ў кожны момант магла выбухнуць ядзерным канфліктам, у якім “за справу Леніна-Сталіна” загінулі б міліёны савецкіх грамадзянаў. І нагадваць напярэдадні новай вайны пра ахвяры вайны нядаўняй было палітычна немэтазгодна.

Гартаем “пералік звесткаў” далей, знаходзім бяскрыўдныя, як падаецца, пункты.  

  • 102

Запрещается опубликовать историю соединений, частей и кораблей вооруженных сил Союза ССР, а также их боевой путь при условии указания конкретного соединения, части, корабля и фамилии их командиров.

  • 103

Запрещается опубликовать сводные данные о потерях союзников и противника в живой силе и технике во время войны по отдельным фронтам, флотам, соединениям и флотилиям.

На першы погляд, забарона асвятляць “баявы шлях” частак Савецкай арміі не проста абсурдная, але і ідэалагічна шкодная. Хіба можна забараняць тым жа акцябратам, піянерам і камсамольцам выхоўвацца на лепшых узорах гераізму савецкіх воінаў-вызваліцеляў?

Але ж дэталёвы аналіз “баявых шляхоў” савецкіх частак можа справакаваць на вельмі нязручныя пытанні. Напрыклад – пра ваенныя злачынствы Савецкай арміі ў той жа Беларусі (згадайма бамбёжка жылых кварталаў Менска). Ці пра марадзёрствы, згвалтаванні і забойствы цывільнага насельніцтва на тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны ў 1944-1945 гадах. Ці пра тактыку “выпаленай зямлі”, якая практыкавалася Чырвонай арміяй пры адступленні 1941-42 гадоў…

А вось забарона на наступнай старонцы цалкам зразумелая.

  • 114

Запрещается опубликовать данные о количестве военной техники, полученной от союзников как в целом за время Отечественной войны, так и по годам, а также сведения об опыте использования иностранной техники.

Напрыканцы саракавых афіцыйная пазіцыя па ленд-лізу саюзнікаў была прыблізна такой. Маўляў, Савецкі Саюз перамог гітлераўскую Нямеччыну не дзякуючы амерыканскай тушонцы, а насупарак ёй! Так што не трэба тым “саюзнікам” прымазвацца да вялікага подзвіга савецкага народа пратухлымі неліквідамі са сваіх складаў! А што тычыцца іх хвалёнай тэхнікі, то савецкая “палутарка”, безумоўна, лепшая за амерыканскі “студэбекер”, і ўвогуле – савецкая конская сіла ў рухавіку куды магутнейшая за амерыканскую!

А таму ў друку, на радыё і ў прамовах катэгарычна не рэкамендавалася згадваць пра амерыканскія грузавікі “студэбекер”, джыпы “віліс”, самалёты “аэракобра” і “кінгкобра”, брытанскія танкі “чэрчыль” і “мацільда”, а таксама амерыканскі алюміній, амерыканскія рацыі, амерыканскую харчовую дапамогу і пра шмат яшчэ чаго амерыканскай, брытанскай і канадскай вытворчасці.

  • 106

Запрещается опубликовать сведения о ввозе и использовании в СССР захваченного на территории противника промышленного и сельскохозяйственного оборудования, предметов транспорта, произведений искусства, продовольствия, скота и прочих предметов, а также все сведения о судах, плавсредствах и портовом оборудовании, полученных Советским Союзом в результате раздела флотов  государств, участвовавших в войне против СССР, и о кораблях, полученных по ленд-лизу.

Сэнс гэтай забароны таксама вытлумачальны. Праз чатыры гады пасля заканчэння вайны сітуацыя з таварамі штодзённага ўжытку ў СССР кардынальна не змянілася – хіба што адмянілі карткавую сістэму. Тлумачылася гэта проста: маўляў, дзяржава яшчэ не ачомалася ад наступстваў “Вялікай Айчынай”. Таму і забараняліся ўсе згадка пра  рэпарацыі і трафеі…

Усяго ў “Спісе звесткаў, забароненых для публікацыі ў адкрытым друку і на радыё” ажно 360 параграфаў.

Згодна гэтаму дакументу, вайна, якая называлася ў СССР “Вялікай Айчынай”, была прыблізна такой: невялікія ахвяры, мінімальная колькасць параненых і інвалідаў, ніводнай правальнай вайсковай аперацыі і ніякай дапамогі так званых “саюзнікаў”.

Прынамсі, менавіта такой “Вялікая Айчыная” і паўстае ў шматлікіх раманах і фільмах сталінскай эпохі. У чым кожны і можа пераканацца, пачытаўшы тыя раманы і праглядзеўшы тыя фільмы.

[Not a valid template]

* * *

У наступнай перадачы мы пагаворым пра карупцыю ў савецкіх судах сталінскай эпохі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, вопіс 1, адзінка захавання 322