Рабочы „Гомельскага хімзавода” супраць адміністрацыі



Тры гады спрабуе дамагчыся справядлівасці былы рабочы „Гомельскага хімзавода”. У працоўнай кніжцы Аляксандра Клімава – толькі адзін запіс, з якога вынікае, што ён больш за трыццаць гадоў прапрацаваў апаратчыкам абпалу ў цэху сернай кіслаты. У 2011 годзе ён, уздымаючыся на эстакаду, страціў прытомнасць і ўпаў. Стаўшы інвалідам, рабочы спрабуе давесці, што траўмы былі атрыманыя менавіта падчас выканання працоўных абавязкаў.

Да няшчаснага выпадку, які здарыўся 19 мая 2011 года, герой гэтага матэрыяла не меў ніякіх сур’ёзных прэтэнзіяў з боку адміністрацыі заводу.

Аляксандр Клімаў:

– У той дзень у канцы змены я абыходзіў працоўнае абсталяванне. На эстакадзе каля цыстэрны я адчуў пах серавадарода. Я проста атруціўся, адчуў праблемы з каардынацыяй і страціў прытомнасць.

Пасля падзення з эстакады рабочы атрымаў мноства траўмаў: сем зламаных рэбраў, парваныя звязкі ў лонным сучляненні ў тазу, садно левага лёгкага і сэрца. Але лекары з медпункта завода на палічылі гэта чамусьці лёгкай траўмай. ” Праз тры гады судоў я ўсё-такі  даказаў, што траўма цяжкая. Лекары, якія першапачаткова ставілі дыягназ, – яны некампетэнтныя”, – згадвае пацярпелы.

Аляксандр Клімаў дагэтуль абураецца таму, як паставіліся да яго пасля атрымання траўмы:

– Спачатку мяне паўтары гадзіны трымалі на заводзе. Потым не хацелі везці ў траўматалогію, а даставілі чамусьці ў сухотную бальніцу, у якой лечаць у асноўным лёгкія і грудную клетку. Чаму не выклікалі хуткую, я таксама не разумею… Бо ў хуткай дактары больш кампетэнтныя, іх рыхтуюць спецыяльна.

Пазней адміністрацыя завода ўсяляк імкнулася давесці, што інваліднасць аніяк не звязаная з выкананнем прафесійных абавязкаў.

Клімаў:

– У іх такая версія, што я нібыта па медыцынскіх параметрах не падыходзіў для сваёй работы, таму што да здарэння я хадзіў на кансультацыі да кардыёлага і ў эндакрыналагічны дыспансер. Але да падзення з эстакады мне ніхто не забараняў працаваць, не было ніякіх сцвярджэнняў, што я не падыходжу па здароўю. А цяпер атрымліваецца, як гэта я такі хворы ўвогуле працаваў.

Аляксандр Клімаў кажа, што самае крыўднае ў гэтай сітуацыі нават не тое, што здарылася няшчасце. Яго вельмі расстройвае той факт, як абышоўся з ім родны завод, на якім ён прапрацаваў усё сваё жыццё.

„Пасля няшчаснага выпадку мне нават не прапанавалі ніякай годнай работы, каб я мог зводзіць канцы з канцамі. Я ж не прэтэндаваў на пасаду начальніка цэха ці майстра змены. Калі б мне прапанавалі звычайную працу вартаўніка… А то проста выкінулі на вуліцу з інваліднасцю. Атрымліваецца, што я для іх – адпрацаваны матэрыял”, – падсумоўвае з горыччу рабочы.

За тры гады пасля трагічнага выпадку Аляксандр Клімаў прайшоў тры суды. З дапамогай юрыстаў незалежнага Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці ён дамогся прызнання цяжкага характару траўмаў. А што да афіцыйнага прафсаюза, які дзейнічае на „Гомельскім хімзавозе”, то ад іх, паводле сцвярджэнняў Аляксандра Клімава, асабліва адчувальнай падтрымкі не было.

Аляксандр Клімаў намераны і далей абараняць свае правы ў судовым парадку. Юрыдычную дапамогу яму аказваюць юрысты з незалежнага Прафсаюза РЭП.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель