На ўсходнім фронце без перамен
Тэмпературны рэжым у Беларусі раптоўна змяніўся – ідуць цёплыя паветраныя масы з паўднёвага захаду Еўропы – вясна. Дачакаліся перамен?
Па вёсках народ прачнуўся і пачаў завіхацца ля хат – і дрэвы пара падразаць, і лісце старое падграбаць, і ўвогуле – наперадзе праваслаўны Вялікдзень! Сонейка прыгравае – дадае пазітыўнага настрою і жадання жыць… Вось і спадарыня Ярмошына абудзілася і распавяла народу паспалітаму пра падрыхтоўку да новага рэферэндуму. Праўда, не зусім зразумела, якія прынцыпова важныя пытанні ён будзе закранаць. Інтрыга захоўваецца.
Затое ад змен у Закон пра СМІ нічога незвычайнага чакаць не варта (нічога новага!) – гэта яшчэ адна спроба кантраляваць тое, што пакуль не кантралюецца (кантралюецца дрэнна). Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала атрыманы ад Палаты прадстаўнікоў праект паправак, якія тычацца закону «Аб сродках масавай інфармацыі». Там шмат цікавостак! Звернем увагу на адну з іх.
Каментары ў інтэрнэце… Чытаючы іх, падчас не разумееш, адкуль у людзях столькі хамства, злосці і зайздрасці, але потым здагадваешся: многія таварышы папросту выпускаюць пару – і “жывой” агрэсіі ў звычайным жыцці застаецца менш. Заядлы інтэрнэт-троль можа апынуцца вашым мілым і ветлівым суседам, а не май ён інтэрнэту для выказвання сваіх поглядаў ды эмоцый – мелі б вы праз дарогу злоснага скандаліста і парушальніка грамадскага парадку! То хай выказваецца ў сусветным павуцінні, самарэалізоўваецца – глядзіш, усім яго знаёмым жыць будзе прасцей.
Дык не ж! Прапанавана ўсім ананімным каментатарам з ценю выйсці: уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія размяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў каментарах і на форумах. Цудоўна. І каму стане пасля гэтага лягчэй жыць? Замежныя сайты скажуць дзякуй за тых беларусаў, што прыйдуць выпускаць пару і дадаваць трафіку… А нашы рэсурсы будуць сядзець ціха як мышы пад венікам… І каму яны будуць цікавыя і патрэбныя?