Разгледжана чарговая скарга беларуса ў ААН



Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў чарговую справу з Беларусі. Гэта справа сябра партыі БНФ Сяргея Лазенкі. Камітэт прызнаў, што права Сяргея Лазенкі на атрыманне інфармацыі і на мірны сход было парушана.

Сяргей Лазенка быў затрыманы ў жніўні 2007 года. Затым быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – сход гарадской арганізацыі партыі БНФ у офісе партыі ў Берасці. З ім было затрымана яшчэ 24 чалавекі. Сярод іх быў вядомы палітык Павел Севярынец, які прэзентаваў сваю новую кнігу “Лісты з лесу”.

Кажа праваабаронца Раман Кісляк:

–  Частка затрыманых пасля была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Павел Севярынец і Андрэй Шарэнда, Сяргей Лазенка і шэраг іншых актывістаў былі пакараныя штрафам. Сяргей абскарджваў гэта ў вышэйшых інстанцыях – Берасцейскім абласным і Вярхоўным судах. Пасля атрымання адмоўных адказаў звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Сяргей Лазенка як сябра партыі меў права прысутнічаць на партыйным сходзе ў памяшканні, якое партыя арэндуе на законных падставах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота radyjo.net