Гарадзенскія мытнікі сёлета затрымалі 20 грузавікоў з-за „перабітых” нумароў



Супрацоўнікамі Гарадзенскай рэгіянальнай мытні з пачатку 2018 года прадухіленыя прыкладна 20 спробаў увозу грузавых транспартных сродкаў са змененымі VIN-нумарамі. Так, паводле інфармацыі рэгіянальнай мытні, у пункце пропуску „Брузгі” быў затрыманы грузавы аўтамабіль MAN з расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Цераз пункт пропуску „Прывалка” ехаў DAF на кіргізскіх нумарах. У пункце пропуску „Беняконі” з „перабітымі” нумарамі апынуліся седлавы цягач і паўпрычэп да яго. Транспартныя сродкі міжнароднай перавозкі ўвозіліся пад выглядам аўтамабіляў, што знаходзяцца на рэгістрацыйным уліку ў краінах — удзельніцах ЕАЭС. Як лічаць мытнікі, асобы, якія здзейснілі гэтыя парушэнні, імкнуліся ўхіліцца ад выплаты мытных плацяжоў у поўным аб’ёме. Па выяўленых мытнікамі фактах экспертамі тэрытарыяльных падраздзяленняў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці дадзенае заключэнне, што заводскія ідэнтыфікацыйныя нумары аўтамабіляў змененыя. Нумары мяняліся як шляхам наварвання пасля выдалення першаснай панэлі, так і шляхам нанясення элементаў другаснай маркіроўкі на арыгінальны нумар. Агульны ацэначны кошт канфіскаваных аўтамабіляў склаў больш як 1 млн рублёў. Па шэрагу фактаў матэрыялы накіраваныя ў суд для прыняцця рашэння ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 14.1 КоАП, санкцыя якой прадугледжвае канфіскацыю транспартнага сродку.

БелаПАН