Лёс шыльды Ларысы Геніюш
Яшчэ ў жніўні 2010 года творчая супольнасць Беларусі разам з зэльвенцамі прымацавала мемарыяльную шыльду на доме ў Зэльве, дзе жыла вялікая беларуская паэтка, змагарка, вязень сталінскіх лагераў Ларыса Геніюш (1910-1983). Новыя жыхары дома Марыя Дайкала і Любоў Захара далі на гэта згоду і прэтэнзій не мелі. Так на 100-годдзе слаўнай беларускай паэткі было ўшанавана яе імя. Але шыльда доўга на доме, дзе жыла паэтка, не затрымалася. Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянціна Семянякі яе знялі і аддалі на захаванне ў Зэльвенскі РАУС. Праз пэўны час пісьменнікі Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын шыльду з зэльвенскай міліцыі забралі. Цяпер яна захоўваецца ў яе аўтара Алеся Шатэрніка ў Менску.
Міхась Скобла летам 2011 года забірае шыльду з Зэльвенскага РАУС.
Кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка пісьмова звярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам, каб далі дазвол на ўсталяванне шыльды на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш. І нядаўна з Зэльвы з райвыканкама прыйшоў адказ за подпісам старшыні Зэльвенскага райвыканкама Яна Пальчыса, маўляў, жыхаркі гэтага дома Марыя Дайкала і Любоў Захара супраць гэтага. Дзіўна, нядаўна гэтыя жанчыны былі не супраць, а цяпер – супраць. Мясцовыя ідэолагі, значыць, “папрацавалі добра”.
Цікава і тое, што ўжо Пальчыс Зэльвенскі райвыканкам не ўзначальвае, а той самы Семяняка намеснікам старшыні райвыканкама таксама не працуе.
Па словах Міхася Скоблы, зноў прыйдзецца афіцыйна звяртацца ўжо да новага старшыні Зэльвенскага райвыканкама Дзяніса Альшэўскага. Можа новы малады кіраўнік раёна падтрымае ідэю творчай беларускай інтэлігенцыі і сваіх землякаў і дасць дазвол вярнуць шыльду на хату, дзе жыла Ларыса Геніюш.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва