Паліцыя Лондана абнародавала першую заяву дачкі атручанага Скрыпаля
5 красавіка паліцыя Лондана апублікавала першую заяву Юліі Скрыпаль, якую атруцілі разам з бацькам Сяргеем Скрыпалем.
У сваёй заяве Юлія дзякуе людзям, якія знайшлі яе разам з бацькам у Солсберы і прыйшлі ім на дапамогу. Таксама яна выказвае падзяку персаналу лякарні, у якой яна знаходзіцца. Ніякіх падрабязнасцяў ні пра свой стан, ні пра стан бацькі яна не падае, адзначае ВВС.
„Я прыйшла ў сябе больш за тыдзень таму і рада паведаміць, што з кожным днём у мяне дадаецца сіл. Я ўдзячная за цікавасць да майго лёсу і за шматлікія словы падтрымкі, якія я атрымала”, — гаворыцца ў заяве дзяўчыны. Таксама яна кажа пра жаданне аберагчы сваё прыватнае жыццё і жыццё сваёй сям’і ад залішняй увагі.
Сяргей Скрыпаль разам з дачкой Юліяй былі атручаныя ў брытанскім Солсберы 4 сакавіка. Брытанскія ўлады прыпісваюць гэтыя дзеянні расейскім спецслужбам. Паводле брытанскіх звестак, супраць Скрыпаляў маглі ўжыць нервова-паралітычнае рэчыва „Навічок”. Масква адпрэчвае ўсе абвінавачанні.
Фота з сацсетак