Вясна прыйшла – вясне дарогу!
У некаторых гарадах Беларусі надвор’е б’е тэмпературныя рэкорды – вясна аператыўна замацоўваецца ў нашых шыротах!
Надыходзіць час актыўных вылазак на прыроду для аматараў лясоў, палёў і свежага паветра. Прафесіяналаў цікавяць іншыя рэчы. Газета “Звязда” піша, што ўсіх аграномаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый хвалюе пытанне, калі і чым падкормліваць збожжавыя культуры і шматгадовыя травы, у якіх дозах і формах сыпаць азотныя ці калійныя ўгнаенні. Тут спазніцца і паспяшацца – аднолькава дрэнна, спадарства! Спазніцца — згубіць ураджайнасць, падкарміць зарана — страціць пэўную колькасць элементаў харчавання. Да таго ж год на год не прыходзіцца! Прапалі б нашы вяскоўцы, каб не Інстытут глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук. Паважаная ўстанова дае аператыўныя рэкамендацыі аграрыям, што, дзе і як пасадзіць ды ўгноіць.
І ўсё ж не хапае нам ведаў на месцах, ой, не хапае! І прэстыж сельскай гаспадаркі падае ўсё ніжэй… Таму дзесьці там, зверху, вырашылі дадаць перцу ў страву пад назвай “Беларуская адукацыя”. У новым навучальным годзе ў нашай краіне з’явіцца 10 агракласаў. Старыя-добрыя профілі – без іх навучальны працэс не ідзе!
Агракласы будуць створаны на базе 10-11 класаў у буйных вёсках ці малых гарадах, і прайсці туды можна будзе пасля сумоўя. Варта згадаць, што Міністэрства адукацыі ўжо назвала даты іспытаў, апошніх званкоў і распавяло пра тое, колькі будуць доўжыцца канікулы. Хоць нейкая стабільнасць у сферы адукацыі – час летніх канікулаў. За тры месяцы дзеці і настаўнікі змогуць адпачыць ад “арыгінальных” ідэй чынавенства… Вясковыя дзеці спакойна змогуць пазаймацца тым, што падабаецца: спортам, музыкай, дызайнам… Не ўсё ж ім бульбу капаць разам з агракласам.