Генадзь Фядыніч: Гэта ідэалагічны дэкрэт, а не эканамічны
Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Беларускаму Радыё Рацыя абноўлены дакумент аб дармаедстве – дэкрэт №1.
Ідэя дэкрэтаў, на яго думку, бесперспектыўная. Калі будзе развівацца эканоміка і будуць добрыя заробкі – не патрэбны будуць дэкрэты, а калі не будзе інвестраў, не будзе новых працоўных месцаў, не будзе вынікаў – дакумент не спрацуе.
– Ён антысацыяльны, таму што не накіраваны на паляпшэнне дабрабыту людзей. На мой погляд, гэта не эканамічны дэкрэт, а больш ідэалагічны. Калі сёння чалавек будзе думаць, як яму дажыць ад заробка да заробка, то такімі людзьмі кіраваць вельмі проста. Калі гэты дэкрэт быў бы эканамічным, то там павінна быць прапісана, што новыя працоўныя месцы, якія будуць арганізаваныя камісіямі, павінны мець заробак не менш 600-800 рублёў. Гэта быў бы эканамічны. Гэтыя грошы пайшлі б у падаткі і гэтыя грошы пайшлі б на адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны.
Генадзь Фядыніч не прадбачыць такой хвалі пратэстаў як у выпадку з дэкрэтам №3, бо папярэдні дакумент быў накіраваны на спагнанне штрафаў з вялікай колькасці людзей. Аднак незадаволенасць людзей расце і крытычны момант павіннен надыйсці.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя