Макей: Немагчыма легчы спаць у СССР, а прачнуцца ў еўрапейскай краіне
Кіраўнік Міністэртсва замежных справаў Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв’ю тэлеканалу Euronews. Само інтэрв’ю выйшла 24 сакавіка, а перад гэтымі выходнымі тэкст гутаркі з’явіўся на сайце МЗС.
Як вынікае з інтэрв’ю, Макей задаволены развіццём дачыненняў Беларусі з Еўразвязам цягам апошніх двух гадоў. У 2016 годзе з нашай краіны знялі большасць еўрапейскіх санкцыяў, да таго ж ЕЗ удвая павялічыў дапамогу Беларусі ў рамках розных праграмаў.
“Што датычыць санкцыяў… Мяркую, што мы рухаемся наперад, павольна, але нязменна. Большая частка абмежавальных захадаў была, як вы згадалі, адмененая ў 2016 годзе. У двухбаковым парадку засталіся толькі некаторыя санкцыі. Перадусім, гэта эмбарга на гандаль зброяй. Гаворка пра гандаль спецыфічнай вайсковай тэхнікай, але не аб экспарце наогул, і гэта істотна”, — адзначыў міністр замежных справаў.
Апроч таго Макей сказаў, што беларускі бок разумее “адчувальнасць” для ЕЗ некаторых унутрыпалітычных працэсаў у нашай краіне, але дыялог у гэтым кірунку працягваецца.
“Калі існуюць нейкія адчувальныя тэмы — смяротная кара ці іншыя пытанні, — я мяркую, што нашы партнёры мусяць улічваць канкрэтныя акалічнасці, умовы, сітуацыю тут, у нашай краіне”, — сказаў Макей.
Ён дадаў, што “немагчыма легчы спаць у Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў цалкам еўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве”.
Кіраўнік МЗС адказаў і на пытанні аб узаемаадносінах беларускіх уладаў са сваімі палітычнымі апанентамі. Ён заявіў, што з нагоды святкавання 100-годдзя БНР дзяржава “працягнула сваім апанентам руку”, аднак “ёсць людзі, якія працягваюць захоўваць неканструктыўную пазіцыю ў дачыненні да ўладаў”, сказаў ён. Пры гэтым Макей заявіў, што арышты апазіцыйных лідараў напярэдадні Дня Волі былі звязаныя нібыта з парушэннем закону, здзейсненага раней.
Былі закранутыя і пытанні ўзаемадзеянняў Беларусі і Расеі. Паводле Макея, Беларусі не пагражае “ўкраінскі сцэнар”.
“Мы не баімся рэалізацыі ўкраінскага сцэнара ў Беларусі. Мы крыху адрозніваемся ад украінцаў і ніколі не дапусцім той сітуацыі, якая мела месца ва Украіне”.
Адносіны з Расеяй Уладзімір Макей характарызуе як добрыя.
“Не думаю, што Расея хацела б арганізаваць у Беларусі нешта падобнае да ўкраінскага сцэнара, што яны захочуць так зрабіць. Гэта не ў іх інтарэсах. Мне ўяўляецца абсурдным нават абмеркаванне гэтых гіпатэтычных рэчаў”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Паводле euroradio.by