Фотавыстава Міхася і Кацярыны Аракчэевых «Людзі адной зямлі»
12 красавіка ў 17.30 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё фотавыставы Міхася і Кацярыны Аракчэевых «Людзі адной зямлі».
Музычныя госці выставы – гурт традыцыйных спеваў «Рутвіца».
Праходзяць гады – з’яўляюцца і сыходзяць людскія пакаленні. Плынь часу знясла б і радасць, і смутак, і ўспаміны, калі б не было побач людзей, якія нагадваюць, адкуль пайшлі мы ўсе. Так ідзе няспынная пераемнасць пакаленняў. Серыя фотапартрэтаў “Людзі адной зямлі” – спроба адлюстраваць гэты адвечны рух. Каляровыя партрэты экспанаваліся раней як “Нашы людзі” і з’яўляюцца асобным праектам – серыяй фотавыяў сяброў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, асноўнай дзейнасцю якога з’яўляецца менавіта пераемнасць, захаванне і аднаўленне беларускай народнай культуры. Манахромныя партрэты людзей сталага ўзросту былі створаны ў этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй Беларусі і таксама экспанаваліся як самастойная выстава “Адна зямля – адна памяць”. Сёння гэтыя два праекты прадстаўлены разам не як супрацьпастаўленне, а як лагічны працяг адзін аднаго. Людзі мінулай эпохі сыходзяць, а на іх месца заступае новае пакаленне адной Культуры і адной Зямлі. Цяжкі лёс старых людзей, маладосць якіх была знявечана ваенным ліхалеццем, і няпростае вясковае жыццё не далі ім магчымасці ўспрыняць родную культуру ў рамантычным святле. Але нават у цяжкіх умовах ствараліся дасканалыя шэдэўры народнага мастацтва. Менавітава яны, сапраўдныя “вяскоўцы”, з’яўляюцца адзінымі носьбітамі аўтэнтычнай спадчыны. Пасля іх сыходу пра асаблівасці традыцыйнай беларускай культуры магчыма будзе даведацца толькі па кніжках. Але сярод нас ёсць тыя, хто не адмовіўся ад свайго адметнага нацыянальнага шляху. Гэта маладое пакаленне, што захапляецца эстэтыкай беларускага народнага строя, вывучае танцавальную культуру, падымае моцны пласт народных песень, выкарыстоўвае гэтыя веды ў гарадскім асяроддзі і дае традыцыі другое жыццё. У праекце прадстаўлены зборны вобраз-партрэт людзей, якія ўсвядомілі, што народная аўтэнтычная культура – гэта вялікі скарб, які знікае, лічы, штодня. Дзякуючы менавіта такім апантаным людзям сёння ў грамадстве адчуваецца ўздым цікавасці да спадчыны, і традыцыя працягвае жыць.
Кацярына і Міхась Аракчэевы. Фотамастакі, дызайнеры. Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра графічнага дызайну).
З 1998 года працуюць над фотапраектамі супольна. З цягам часу тандэм перафарміраваўся ў некамерцыйную арт-студыю “PILIGRYM”. Асноўным накірункам творчасці з’яўляецца стварэнне партрэтных фотасерый з адмысловым тэматычным складнікам, агучванне мастацкай канцэпцыі праз фотаэксперыменты з пастановачнымі сюжэтамі. Акрамя фота студыя развіваецца ў відэанакірунку як адным з актуальных мастацкіх камунікацый.
Выстава будзе працавать да 15 мая 2018 года.
budzma.by