Амерыканцы ў малым горадзе Беларусі
Амерыканцы ў малым горадзе Беларусі
Пакуль не пазавісала ў малым горадзе, то і не ведала, што ўсё настолькі складана. Безвыходна складана. Наступнае пакаленне расце ў бездухоўнасці, перапісваецца гісторыя, чалавек чалавеку вораг, няма таго, што раньш было… Але галоўнае, паўсюль гэтыя амерыканцы, якія толькі і думаюць, як заваяваць увесь свет. Нават ужо заваявалі, трымаюцца пакуль адны славяне. Дзякуючы Расеі. У малы горад я паехала па асабістых справах. Трэба было ўлагодзіць адно пытанне, і дзеля гэтага я накіравалася спярша ў прыватную фірму, пасля ў дзяржаўную арганізацыю. Дырэктар прыватнай фірмы аказаўся дзелавым чалавекам, з якім з першай хвіліны знаёмства прыемна мець справу. Мне падабаюцца людзі, з якімі можна дамаўляцца па-еўрапейску – хутка, ясна, не выходзячы за межы прадмета дамовы. Гэта быў якраз той выпадак. І вось падчас нашай размовы да бізнесмена зайшла дачка і папрасіла грошай на школьнае харчаванне. Калі дачка пайшла, бізнесмен горка пракаментаваў: “Вось такое цяперашняе пакаленне! Хоць бы раз прыйшла проста спытаць, як справы, ці таму, што засумавала. Заўсёды толькі тады, калі ёй штосьці трэба. Малодшая расце такая ж. Бяжыць насустрач, калі я забіраю яе з садка, але першае пытанне, ці прынёс чаго смачнага”. Увесь гэты лагічны для неабыякавага бацькі маналог ён завяршыў нечаканым: “Усё гэта вынік злога ўплыву Захаду, у першую чаргу Амерыкі”. Сказаў і зноў ператварыўся ў ідэальнага дзелавога чалавека, які працуе па-заходняму і ў працы выкарыстоўвае скрозь заходнія тэхналогіі. Яго дочкі ж, што растуць пад злым уплывам Амерыкі, у ЗША ніколі не былі. Як і ён сам. Далей пра выхадкі амерыканцаў я дазнавалася ў дзяржаўнай установе. Мая справа вырашалася вельмі марудна, таму прыйшлося больш за гадзіну правесці з дзядзечкамі аднаго з цесных адзелаў гэтай установы. Усе яны, як самі прызналіся, глядзяць расейскае тэлебачанне, таму не сумняваюцца, што ва Украіне ваююць амерыканцы, якія і ўчынілі там гэтую заварушку. Яны аплочвалі Майдан, таму што ім нявыгадна, каб браты-славяне жылі ў згодзе. Амерыка толькі і ведае, што рабаваць увесь свет, прымушаючы іншыя краіны браць свае паперкі (у сэнсе даляры), узамен забіраючы рэальныя рэсурсы. Шкада, што распаўся СССР – толькі ён адзін мог супрацьстаяць гэтай нахабнай краіне. Можаце ўявіць карціну. За чатырма сталамі сядзяць службоўцы. Кожны запаўняе нейкую сваю паперку, і нехта перыядычна падымае галаву і глыбакадумнна заяўляе для размовы чарговую праблему, якую стварылі амерыканцы. Я, канешне, пацікавілася ў гэтых мілых людзей, якія ў сваёй прафесіі разбіраюцца непараўнальна лепш, чым у палітыцы, чаму яны столькі часу думаюць пра Амерыку, – але гэта было чыста рытарычнае пытанне. Да ўсяго таго ў гэты дзень у арганізацыі нехта памёр. Адзін з работнікаў аддзела пасля глыбокага ўздыху падсумаваў, што сыходзяць лепшыя, а на замену прыходзяць нявопытныя хлопчыкі, якіх яшчэ і вучыць трэба. Што і ў гэтым вінаватыя амерыканцы, прамаўчаў. Але гэта само сабой разумелася.
Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя