Велікодныя думкі



Зусім не абавязкова быць шчырым вернікам і правільна выконваць усе рэлігійныя абрады для таго, каб радавацца цудоўным вясновым дзянькам і Вялікадню.

Гэта свята ідзе цёплымі згадкамі ў дзяцінства, у гісторыю сям’і… Безумоўна, у тым выпадку, калі вам ёсць што добрае згадаць – пра сям’ю і дзяцінства. Згадваецца ж менавіта светлае, радаснае, а сур’ёзныя размовы пра Бога і рэлігію варта пакінуць дарослым. Пачынаеш думаць пра такія рэчы пасля гісторыі сям’і з Маладэчанскага раёна, у якой органы апекі адабралі дзевяцярых дзяцей. Забралі з-за “спецыфічных” метадаў выхавання – спалучэння рэлігійнасці з цялеснымі пакараннямі за правіны.

Беларуская неабыякавая грамадскасць ў фэйсбуку падзялілася на два лагеры і стала актыўна разважаць на тэму “Біць дзяцей або не”. І вельмі шмат шырока вядомых у вузкім коле – прасунутых і скіраваных па-еўрапейску! – дзеячаў старанна даказваюць: біць можна і нават варта. Маўляў, гэта прыватная справа сям’і – біць сваіх дзяцей (як варыянт – дзягай) або не. Дзяржава ў выглядзе псіхолагаў, сацыяльных работнікаў і іншых “цётак з начосам” умешвацца не павінна. І не варта забіраць дзяцей у школу-інтэрнат з чатырохпакаёвай чыстай кватэры, дзе яны дагледжаныя і накормленыя, а самых малых дзяцей – у шпіталь… Таталітарызм у дзеянні, маўляў, у справы сям’і лезці.

Ва ўсёй гісторыі вернікаў з Радашковічаў і іх дзетак ёсць шмат супярэчлівасцей і крайнасцей і з боку бацькоў, і з боку сацыяльных службаў. Ці варта караць дзягай за правіны? Ці варта чытаць дома адну Біблію і разумець яе тэксты літаральна ў 21 стагоддзі? Ці варта адразу ўсіх дзяцей забіраць з сям’і, асабліва маленькіх? Хочацца верыць, што гісторыя скончыцца добра для дзяцей, а дарослыя прыдуць да паразумення.

Толькі вось, называючы таталітарызмам дзеянні сацыяльных работнікаў, не варта забывацца, што таталітарызм у сям’і – яшчэ горш. І правы чалавека – гэта і правы дзіцяці таксама. Калі мы хочам быць еўрапейскай краінай, то варта ёй быць не на словах, а на справе. Паважайце сваіх дзяцей, спадарства, так і хочацца сказаць многім нашым “шчырым” вернікам. Зрэшты, вера і рэлігія – трохі розныя рэчы.

Чытаючы допісы Кастуся Шыталя і Андруся Горвата па тэме бацькоў і дзяцей, радуешся, што апошні набірае больш лайкаў. Дабрыня і пачуццё гумару важнейшыя за павучэнні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ