Расея забараніла пастаўкі свініны з Беларусі
Рассельгаснагляд з 10 красавіка забараняе пастаўкі жывых свіней, свініны і свінагадоўчай прадукцыі з Беларусі ў Расею. Гэтыя санкцыі на сайце расейскага ведамства тлумачацца 8 выпадкамі, калі ў гатовай мясной прадукцыі з нашай краіны выявілі генетычны матэрыял віруса афрыканскай чумы свіней (АЧС).
Пад забарону трапіць таксама мяса ад дзікоў, рагакапытнай, гарбарнай, кішэчнай сыравіны, шчацінне, паляўнічыя трафеі, атрыманыя ад успрымальных відаў жывёл, якія не прайшлі поўнай таксідэрмічнай апрацоўкі. Таксама санкцыі закрануць усе віды кармоў і кармавых дабавак для свіней, за выключэннем кармавых дабавак хімічнага і мікрабіялагічнага сінтэзу і гатовых кармоў, якія прайшлі тэрмічную апрацоўку (тэмпература не ніжэй за +70 градусаў, час апрацоўкі не менш за 20 хвілін).
Геном вірусу АЧС выявілі бранскія спецыялісты ў пробах гатовай мясной прадукцыі Гомельскага мясакамбіната — сасісках „Кракаўскіх” і каўбасе варанай „Часнычная Смак”.
Рассельгаснагляд падкрэслівае, што 5 сакавіка звяртаўся да беларускіх калег, каб удакладніць эпізаатычны стан на тэрыторыі краіны, у тым ліку па афрыканскай чуме свіней. Пісьмовага адказу беларускі бок не даў, а па тэлефоне запэўнілі, што ўспышак захворвання на тэрыторыі краіны няма. Зыходзячы з гэтага, расейскія спецыялісты падазраюць, што іх беларускія калегі ўтойваюць прысутнасць вірусу АЧС на тэрыторыі краіны.
Акрамя таго, у прадукцыі ААТ „Гомельскі мясакамбінат” былі выяўленыя бактэрыі групы Listeria monocytogenes. Таму Рассельгаснагляд з 10 красавіка ўводзіць часовыя абмежаванні на ўвоз у Расею прадукцыі гэтага прадпрыемства.
Паводле fsvps.ru