Калінкіна: „Дэструктыўная інфармацыя” для ўлады – гэта перадусім крытычная
На сустрэчы з прадстаўнікамі галоўных дзяржаўных СМІ ў будынку Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Лукашэнка агучыў задачы новага закона аб сродках масавай інфармацыі. У прыватнасці галоўная з іх, на думку кіраўніка дзяржавы, абараніць людзей ад неправеранай, ілжывай і дэструктыўнай інфармацыі.
Вядомы журналіст і публіцыст Святлана Калінкіна нагадвае, што яшчэ 10 гадоў таму дэструктыўным лічылася пісаць пра пагрозы з боку Расеі. А сёння гэта прызнана ўладай і такі факт ніхто не аспрэчвае.
На каго ж намякаў Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб дэструктыўнай інфармацыі?
– Я баюся, што ён меў на ўвазе тыя СМІ, якія персанальна пра яго, пра ягоную сям’ю, пра ягоныя метады кіравання, пра стан, у якім апынулася Беларусь пры ягоным кіраванні, будуць пісаць крытычна, рэзка. Баюся, што менавіта такія СМІ ён і меў на ўвазе.
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго дзейнасці на пасадзе прэзідэнта няма ніякага піяра. «Піяр — гэта перабольшана, падобна няпраўдзе. Лепш праўду скажы, як ёсць. Або наогул маўчы. Таму ў маёй працы піяру амаль няма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, які амаль кожны дзень з’яўляецца ў першых навінах беларускага дзяржаўнага тэлебачання.
– Кажучы па-руску, гэта такая “барышня-какетка”, якая некалькі гадзін раніцай упрыгожваецца, а потым кажа, што я такая прыгожая ад прыроды.
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ таксама адказаў на іншыя пытанні, якія яму дасылалі на электронную скрыню – у прыватнасці, аб дэкрэце аб дармаедах, усталяванне 25 сакавіка дзяржаўнага свята, пра ўшанаванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты ды закрануў шэраг іншых актуальных эканамічных і палітычных тэм.
Цалкам размова:
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя