Блогеры Пятрухін і Кабанаў абскардзяць пастанову суда



11 красавіка блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў абскардзяць у Берасцейскім абласным судзе папярэднюю пастанову суддзі Пінскага раённага суда Вольгі Лубнік.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота з сацыяльных сетак.

Тады юрыстконсульт кампаніі EXIDE Аляксандр Юнкевіч напісаў заяву на блогераў у міліцыю, за тое, што яны вялі прамую відэатрансляцыю ў Facebook i YouTube. 12 сакавіка суд прызнаў Пятрухіна і Кабанава вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ, фактычна прызнаўшы сацсеткі – сродкамі масавай інфармацыі.

Кажа Сяргей Пятрухін:

– Усё прадказальна. Алгарытм дзеяння зразумелы. Прычына не ліквідуецца, а ўстараняюцца людзі, якія расказваюць пра тыя жахі, якія твораць улады. І ні ў якім разе не тыя, хто за гэтыя жахі мусіць адказваць. І вялікі дзякуй чыноўнікам, што дзякуючы іх непрафесійным, некваліфікаваным дзеянням народ пачынае ўсё больш і больш цікавіцца, чым жа яны займаюцца. І вынікі гэтай працы яны ўжо бачаць. Яны ўжо разумеюць, што ўлады кіруюць вельмі дрэнна.

Абодва блогеры тады былі пакараныя 40 базавымі велічынямі штрафу кожны. У Пінску ж яны апынуліся, каб зрабіць чарговы сюжэт пра сітуацыю вакол будаўніцтва шкоднага акумулятарнага завода пад Берасцем. Пінская кампанія – EXIDE, у вытокаў будаўніцтва якой стаяў Віктар Лемяшэўскі, таксама займаецца вытворчасцю акумулятараў. Звязаны Лемяшэўскі і з будоўляй завода пад Берасцем, супраць якога выступаюць як мінімум 40 000 грамадзян з горада і раёна. Пачатак разгляду скаргі ў 11:00 па адрасе вуліца Савецкіх Пагранічнікаў, 41.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце