Лявон Баршчэўскі: Улады ахвяруюць гістарычнымі датамі



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі патлумачыў, што ў беларускай улады няма жадання зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным свята.

Учора беларускі кіраўнік падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ заявіў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, дзень абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка дзяржаўным святам не будзе.

Лявон Баршчэўскі: Каму найперш перашкаджае такая дата? Для мяне адказ відавочны – Маскве. А беларускае кіраўніцтва, відаць, не хоча праз такія рэчы сварыцца з Крамлём, які дае рознага кшталту прэферэнцыі. Акрамя таго, у такім выпадку няма ніякай ўпэўненасці, што ўдасца ўтрымаць уладу, калі Масква будзе супраць. Хаця, як мне падаецца, ніводнаму нармальнаму беларусу не прыйдзе ў галаву, што дата, калі ўпершыню была абвешчана незалежнасць БНР, можа мець нейкія адмоўныя адценні для Беларусі. Але для некаторых, відаць, уласная ўлада важней, чым уласная гісторыя і традыцыі. Вось і ахвяруюць гістарычнымі датамі.

РР: Было заяўлена таксама, што ў Беларусі ўжо ёсць дзяржаўнае свята 3 ліпеня, калі быццам бы і была адваявана незалежнасць Беларусі.

Лявон Баршчэўскі: 3 ліпеня Менск вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, але ніякага дачынення да незалежнасці краіны гэтая дата не мае. Дата так і павінна святкавацца – як менавіта дзень вызвалення беларускай сталіцы.

Але галоўнае, што 25 сакавіка для тысяч людзей застаецца святам і гэта ніхто не забароніць.

РР: Былі раней прапановы да ўладаў зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам?

Лявон Баршчэўскі: У Закон аб дзяржаўных святах, які распрацоўваўся ў 1992 годзе, была ўнесена гэтая дата, але тады камуністычная большасць у парламенце была супраць. І ў апошні час у Савет міністраў накіроўваліся суадносныя прапановы. Але яны аказаліся таксама незапатрабаванымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  budzma.org