Беларусы ахвяравалі на пяцітомнік Святланы Алексіевіч у 5 разоў больш, чым трэба
Краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на пяцікніжжа Святланы Алексіевіч прынесла ў 5 разоў больш грошай, чым было неабходна. Мэтай кампаніі была сума ў 40 тысяч рублёў, але па стане на 12 красавіка сабрана ўжо 216 тысяч рублёў. Да канца збору сродкаў застаецца 8 дзён.
Большую частку сумы — 150 тысяч рублёў — пералічыў „Белгазпрамбанк”.
Ініцыятарам і асноўным рухавіком краўдфандынгавай кампаніі стала кнігарня „Логвінаў”. Па словах выдаўца Ігара Логвінава, у хуткім часе яны плануюць пачаць друкаваць кнігі:
“Мы плануем надрукаваць па 5 тысячаў асобнікаў. Цяпер выбіраем тыпаграфію, якая будзе гэта рабіць, — распавядае Логвінаў. — Кнігі абавязкова трапяць у беларускія бібліятэкі. Займацца іх рассылкай будзе Белгазпрамбанк. Ён “забярэ” надрукаваны наклад і зладзіць туры-прэзентацыі па ўсіх абласцях Беларусі”.
Праект „Галасы Утопіі”, які складаецца з пяці кніг Святланы Алексіевіч, будзе ўпершыню выдадзены на беларускай мове без цэнзарскіх правак. Кампанія па зборы сродкаў стала самай маштабнай у гісторыі беларускага краўдфандынгу.
Фота: ulej.by