Гарадзенскі васьмікласнік другую вясну запар уганяе аўтамабілі



У Гародні 14-гадовы васьмікласнік угнаў аўтамабіль, паведамляе прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама

Каля паўночы падлетак вяртаўся дадому на вуліцу Ліможа ад сваёй дзяўчыны, якая пражывае на вуліцы Пушкіна. У двары дома па вуліцы Дзяржынскага, 25 хлопец пабачыў аўтамабіль „Нісан Альмера”, выпушчаны напрыканцы 90-х гадоў. Падлетак вырашыў даехаць дадому на чужой машыне. 

У такіх старых машын з-за ўзросту разбіваецца замочная свідравіна, і дзверы можна адчыніць незаводскай прыладай. Забраўшыся ў салон, падлетак знайшоў у бардачку ключ запальвання і паехаў па двары. Аднак у адным з вузкіх месцаў трэба было здаць заднім ходам. Заднім ходам машына не ехала, таму праз некалькі хвілін падлетак кінуў скрадзены аўтамабіль.

Аператыўнікі крымінальнага вышуку знайшлі ўгоншчыка па пакінутых слядах. На яго пачалі крымінальную справу.

Як паведамляюць міліцыянты, у сакавіку 2017 года падлетак ужо ўганяў „Жыгулі”.

Паводле uvd.grodno.by