Вайна ў Сірыі набывае вельмі небяспечны абарот
Сірыйскі канфлікт ужо даўно стаў інтэрнацыянальным. Аднак зараз ёсць рэальны рызыка адкрытага сутыкнення расейскіх і амерыканскіх вайскоўцаў.
Пасля абвінавачванняў рэжыму Башара Асада ва ўжыванні хімічнай зброі супраць цывільнага насельніцтва, ЗША сфармавалі кааліцыю, якая ўжо анансавала ваенны ўдар па розных аб’ектах сірыйскіх уладаў. Прычым, гаворка ідзе не толькі аб ваеннай інфраструктуры, але і аб адміністрацыйных і палітычных аб’ектах.
Вашынгтон досыць выразна дае зразумець: з Б. Асадам ніякія перамовы немагчымыя і ён павінен сысці. З улікам іранскай прысутнасці не зусім зразумела, наколькі Масква ў прынцыпе ў стане паўплываць на ўладныя расклады ўнутры сірыйскага рэжыму. Акрамя таго, сам факт расейскай ваеннай прысутнасці ў Сірыі гарантуецца па сутнасці персанальна Асадам. Любы іншы сірыйскі лідар мог бы па гэтым пытанні заняць зусім іншую пазіцыю.
Ва ўсякім разе, сітуацыя мае патэнцыял для абвастрэння аж да выхаду з-пад кантролю.
Логіка развіцця падзеяў робіць амерыканскі ўдар практычна непазбежным: занадта шмат слоў было сказана і падрыхтаванняў зроблена. Акрамя таго, для ўдару па Дамаску сабрана кааліцыя (Францыя, Брытанія, Саудаўская Аравія). На Усходзе паважаюць сілу. Адмоўся Дональд Трамп ад анансаванага ўдару па Асаду – і рэпутацыйныя страты Амерыкі будуць велізарныя. У Маскве амерыканскае адступленне расцэняць як сваю перамогу, што яшчэ больш надасць упэўненасці (або авантурызму) Крамлю. Кааліцыя рассыплецца і сабраць яе зноў для Амерыкі стане практычна нерэальнай задачай.
Таму ў Вашынгтона не застаецца варыянтаў акрамя як ударыць. Пытанне ў сіле ўдару.
Ён павінен быць магутным. Слаба амерыканцы па Асаду ужо білі год таму і таксама ў адплату за выкарыстанне хімічнай зброі супраць цывільных. Той удар апынуўся безвыніковым. Цяпер акалічнасці падштурхоўваюць Вашынгтон да ўдару такога маштабу, які прывёў бы да вялікіх страт для сірыйскага рэжыму.
Масква таксама апынулася ў своеасаблівай каляіне падзей. Праігнараваўшы амерыканскі ўдар па сваім фармальным саюзніку, Расея сутыкнецца з тым жа, з чым і ЗША, калі яны адмовяцца ад сілавой акцыі. Толькі ў горшым фармаце: акрамя знешніх іміджавых страт будуць і рэпутацыйныя страты персанальна для Уладзіміра Пуціна ўнутры краіны. А ў рамках існуючай у Расеі сістэмы ўлады гэта пагражае для расейскага кіраўніка крахам гэтай самай улады.
Акрамя таго, расейскага кіраўніка «падпірае» генералітэт, які ўпэўнены ў сваіх сілах супрацьстаяць амерыканцам.
Чым больш жорсткім і больш эфектыўным будзе супраціў Асада і Расеі, чым менш выніковымі будуць першыя ўдары кааліцыі, тым большая верагоднасць пашырэння аперацыі супраць Дамаска.
З нейкага моманту сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю ў выніку непрагназуемых выпадковых падзеяў. І кааліцыі прыйдзецца ваяваць сур’ёзна, для перамогі, а не іміджу дзеля. Такую вайну ў Сірыі Масква адназначна прайграе.