Мышкевіч: Мы змагаемся за правы працоўных Гарадзенскага аўтапарку



Трэці працоўны выйграў суд у Гарадзенскага аўтапарку праз цяжкія ўмовы працы, і адміністрацыя аўтапарку выплаціла кампенсацыю кіроўцу, якога незаконна звольнілі з працы. Прадстаўляў кіроўцу Зміцера Юргеля ў судзе кіраўнік ініцыятывы «Гародня», сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Анатоль Мышкевіч:

— Падпісалі міравое пагадненне, суддзя ўсё ўхваліў. Таксама суддзя згадзіў і вынес прыватнае вызначэнне ў бок аўтапарка ў сувязі з парушэннямі працоўнага заканадаўства, абавязаў адказчыка выправіць гэтыя парушэнні і цягам месяца даць пісьмовую справаздачу суду пра праведзеную працу і выпраўленыя парушэнні.

Анатоль Мышкевіч абяцае і далей змагацца за правы кіроўцаў Гарадзенскага аўтапарку:

— Я спадзяюся, што такое больш не будзе паўтарацца, але яшчэ адзін з кіроўцаў таксама звярнуўся да нас. Мы напісалі заяву на звальненне паводле артыкула 41, але яму зноў жа адмовілі. Мы будзем падаваць у камісію па працоўных спрэчках. Я спадзяюся гэтым разам будуць у аўтапарку работнікі камісіі па працоўных спрэчках больш аб’ектыўнымі і прымуць бок працаўніка не даводзячы справы да суда.     

Гісторыя з кіроўцамі гарадзенскага аўтапарку цягнецца ўжо некалькі месяцаў і пачалася з таго, што адзін з іх з-за цяжкіх умоваў працы скочыў са Старога гарадзенскага мосту. А астатнія накіравалі лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, да мясцовых уладаў лісты са скаргамі на перапрацоўкі, малыя заробкі і цяжкія ўмовы працы.

Беларускае Радыё Рацыя