ЗША, Брытанія і Францыя нанеслі авіяўдары па Сірыі



Кааліцыя на чале з ЗША нанесла ўдары па Дамаску і правінцыі Хомс. Урон для сірыйскай арміі яшчэ трэба падлічыць, але відавочна, што ваеннага сутыкнення з расейскімі СПА не адбылося.

AFP PHOTO / ECPAD

У ноч з пятніцы на суботу, роўна ў 4 раніцы па маскоўскім (і дамаскім) часе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра пачатак бамбардзіроўкі Сірыі ў адказ на меркаванае прымяненне рэжымам Башара Асада хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва ў горадзе Дума.

«Суграмадзяне-амерыканцы, нядаўна я загадаў узброеным сілам Злучаных Штатаў пачаць нанясенне высокадакладных удараў па мэтах, звязаных з хімічнай зброяй сірыйскага дыктатара Башара Асада», — заявіў Дональд Трамп.

«У 2013 годзе прэзідэнт Пуцін абяцаў свету, што яны гарантуюць знішчэнне сур’ёзнай хімічнай зброі. Апошнія атакі Асада і сённяшні адказ — гэта прамы вынік правалу Расеі ў выкананні гэтага абяцання», — дадаў ён.

Галоўнымі мэтамі кааліцыі, у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША і Францыя, сталі навукова-даследчы цэнтр у Дамаску, які, мяркуецца, звязаны з вытворчасцю хімічнай зброі.

А таксама два склады хімічнай зброі ў правінцыі Хомс. Па звестках СМІ, пад агонь патрапілі таксама штаб Рэспубліканскай гвардыі Сірыі, аэрапорт Мезза ў Дамаску і аэрапорт Пекла-Думейр ва Усходняй Гуце.

Па стане на 8 раніцы суботы было вядома, што па тэрыторыі Сірыі саюзнікамі было выпушчана ад 30 да 100 ракет. Частка з іх сваёй мэты не дасягнула і была збітая.

Міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс заявіў, што пры ўдары было выкарыстана удвая больш ракет, чым летась. У красавіку 2017 года пасля хімічнай атакі ў горадзе Хан-Шейхун амерыканскія эсмінцы выпусцілі 59 крылатых ракет „Тамагаўк” па авіябазе сірыйскіх урадавых войскаў Эш-Шайрат.

У мінабароны Расеі заявілі, што значная частка крылатых ракет і авіяцыйных ракет класа „паветра-зямля” былі збітыя на падлёце да мэты. Па дадзеных расейскага ваеннага ведамства, пры адбіцці ўдару былі ўжытыя сірыйскія сродкі СПА С-125, С-200, „Бук” 'і „Квадрат”, вырабленыя ў СССР больш за 30 гадоў таму.

REUTERS

Новы ўдар па Сірыі стаў адным са складаных выпрабаванняў для і без таго няпростых расейска-амерыканскіх адносін. Пасля вестак пра хімічную атаку ў Думе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп яшчэ 9 красавіка паабяцаў прыняць жорсткія меры ў дачыненні да Дамаска на працягу 24-48 гадзін.

Да вечара 11 красавіка, калі ўсё ўжо чакалі ўдару, ЗША сфармавалі кааліцыю, у якую ўвайшлі таксама Вялікабрытанія і Францыя.

Галоўны саюзнік рэжыму Башара Асада — Расея — на працягу ўсіх гэтых дзён заяўляла пра тое, што гатовая перашкаджаць ударам кааліцыі. Пасол у Ліване Аляксандр Засыпкін казаў, што Расея пакідае за сабой права збіваць ўсе ракеты ў выпадку агрэсіі ЗША.

А кіраўнік генштаба Валерый Герасімаў пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што „ў выпадку ўзнікнення пагрозы расейскім вайскоўцам ў Сірыі” агонь будзе адкрыты не толькі па ракетах, але і па іх носьбітах.

Чым даўжэй цягнулася паўза з ударам кааліцыі па Сірыі, тым больш сусветныя СМІ абмяркоўвалі магчымасць прамога ваеннага сутыкнення Расеі і ЗША.

У гэтым сэнсе галоўнае, што стала відавочным адразу пасля начнога ўдару —  аніводная з паражаючых ракет не ўпала паблізу двух асноўных расейскіх баз у Сірыі — порту Тартус і аэрадрома Хмеймім.

Сірыйскае інфармагенцтва SANA выпусціла асобнае паведамленне аб тым, што паветраную прастору правінцый Латакія і Тартус, дзе яны размешчаны, ніхто не парушаў. Пра гэта ж асобна паведаміла і міністэрства абароны Расеі.

Расейскія афіцыйныя асобы ўжо заяўляюць, што ўдар па Сірыі не застанецца без наступстваў. Пра гэта, напрыклад, сказаў пасол РФ у ЗША Анатоль Антонаў.

Агенцтва Рэйтэр са спасылкай на сваю крыніцу пры гэтым паведаміла, што персанал ўсіх аб’ектаў, па якіх кааліцыя нанесла авіяўдары, быў загадзя эвакуіраваны, дзякуючы папярэджанні з боку Расеі.

Дыпламатычнае супрацьстаянне вакол сірыйскае праблемы працягнецца, але галоўным на дадзены момант застаецца тое, што наўпроставага ваеннага сутыкнення Расеі і ЗША, пра якое так шмат казалі ўвесь мінулы тыдзень, пакуль удалося пазбегнуць.

BBC